1. Як сьнег летам і дождж у жніва, так гонар не пасуе неразумнаму.
  2. Як верабей пырхне, калі ластаўка паляціць, так незаслужаны праклён ня збудзецца.
  3. Плётка каню, аброць аслу, а кій немысьлю.
  4. Не адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб і ты не прыпадобніўся яму;
  5. а адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб ён не зрабіўся мудрацом у вачах сваіх.
  6. Падцінае сабе ногі, робіць шкоду сабе той, хто пасылае наказ празь немысьля.
  7. Як віхляюцца ногі ў кульгавага, так і выслоўе на вуснах у неразумнага.
  8. Што ўкладваць каштоўны камень у прашчу, так і аддаваць пашану дурному.
  9. Што калючы бадзяк у руцэ ў п'янага, тое і выслоўе на вуснах у неразумнага.
  10. Дужы робіць усё адвольна: і неразумнага ўзнагароджвае, і кожнага праходжага ўзнагароджвае.
  11. Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурны паўтарае глупствы свае.
  12. Калі ты бачыш чалавека, які сам сябе мудрым лічыць, — дык на дурнога болей надзеі, чым на яго.
  13. Гультай кажа: «леў на дарозе! леў на дварэ!»
  14. Дзьверы паварочваюцца на завесах сваіх, а гультай на ложку сваім.
  15. Гультай апускае руку сваю да міскі, ды яму цяжка падняць яе да рота свайго.
  16. Гультай у вачах сваіх мудрэйшы за семярых, што адказваюць разумна.
  17. Хапае сабаку за вушы той, хто, праходзячы міма, лезе ў чужую спрэчку.
  18. Як той, хто прыкідваецца вар'ятам, кідае агонь, стрэлы і сьмерць,
  19. так — чалавек, які падступна шкодзіць сябру свайму і потым кажа: «я толькі пажартаваў».
  20. Дзе няма болей дроў, агонь патухае; і дзе няма нагаворшчыка, разлад аціхае.
  21. Вугаль — на жар, дровы — на распал свары.
  22. Словы нагаворшчыка — як прысмакі, і яны ўваходзяць у нутро жывата.
  23. Як нячыстым срэбрам абкладзены гліняны посуд, так і палымяныя вусны і сэрца ліхое.
  24. Вуснамі сваімі прыкідваецца вораг, а ў сэрцы сваім намышляе ліхое.
  25. Калі ён гаворыць і пяшчотным голасам, ня вер яму; бо сем мярзотаў у сэрцы ў яго.
  26. Хто нянавісьць прыкрывае на самоце, злосьць таго адкрыецца ў народным сходзе.
  27. Хто капае яму, той упадзе ў яе; і хто пакоціць угору камень, да таго ён вернецца.
  28. Хлусьлівы язык ненавідзіць тых, каго ён параніў, і лісьлівыя вусны рыхтуюць падзеньне.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/20/26/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.