1. Сыне мой! памятай словы мае і запаведзі мае захавай у сабе.
  2. Захоўвай запаведзі мае, і жыві, і навуку маю, як зрэнкі вачэй тваіх.
  3. Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго.
  4. Скажы мудрасьці: «ты сястра мая!» і розум назаві родным тваім,
  5. каб яны ахоўвалі цябе ад жонкі другога, ад чужой, што гладка гаворыць словы свае.
  6. Вось, аднойчы глядзеў я ў акно майго дома, праз рашотку маю,
  7. і ўбачыў сярод нявопытных, угледзеў сярод маладых людзей неразумнага юнака,
  8. які пераходзіў плошчу паблізу вугла яе і ішоў па дарозе да дома яе,
  9. у сутоньні, а позьняй гадзіне, у начной цемры і ў змроку.
  10. І вось — насустрач яму жанчына ў строях распусьніцы, з хітрым сэрцам,
  11. узбуджаная і неапанаваная; ногі яе ня ступаюць у доме яе;
  12. то на вуліцы, то на плошчах і на кожным вугле яна ладзіць ловы.
  13. Яна схапіла яго, цалавала яго і бяз сораму ў твары сказала яму:
  14. «Мірная ахвяра ў мяне: сёньня я выканала абяцаньні мае;
  15. таму і выйшла насустрач табе, каб знайсьці цябе, і — знайшла цябе.
  16. Кілімамі ўслала я пасьцель маю, палатном каляровым Егіпецкім;
  17. спальню маю ўпахошчыла сьмірнаю, альясам і карынкаю.
  18. Зайдзі, будзем упівацца пяшчотамі да раніцы, каханьнем нацешымся;
  19. бо мужа дома няма; ён выправіўся ў далёкую дарогу;
  20. кашалёк срэбра ўзяў з сабою; дамоў вернецца да дня поўні месяца».
  21. Мноствам ласкавых слоў яна яго звабіла, мяккасьцю вуснаў сваіх авалодала ім.
  22. Ён адразу пайшоў за ёю, як вол ідзе ў разьніцу, як алень на стралу,
  23. пакуль страла не праніжа вантробы ягонай; як птушка кідаецца ў сіло, і ня ведае, што яно — пагібель яе.
  24. Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і зразумейце словы вуснаў маіх.
  25. Хай ня збочвае сэрца тваё на шляхі яе, ня блукай сьцежкамі яе;
  26. бо многіх яна параніла, і шмат дужых забіла яна:
  27. дом яе — дарога ў апраметную, якая вядзе ў сярэдзіну жытлішча сьмерці.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/20/07/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.