1. Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі.
  2. Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго.
  3. У вуснах у немысьля — біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе.
  4. Дзе няма валоў, там — ясьлі пустыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў.
  5. Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы.
  6. Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць; а разумны лёгка набывае веды.
  7. Адыдзі ад чалавека пустога, у якога ты ня бачыш разумных вуснаў.
  8. Мудрасьць разумнага — што ён зважае на дарогу сваю, а дурасьць немысьляў — толькі ашука.
  9. Неразумныя сьмяюцца з грэху, а сярод праведных — Божая мілата.
  10. Сэрца ведае горыч сваю, і чужынец ня дзеліць радасьці ягонай.
  11. Дом беззаконных зруйнуецца, а жытлішча праведных расьцьвіце.
  12. Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі; але канец іх — шлях сьмерці.
  13. І ад сьмеху часам баліць сэрца, і канцом радасьці бывае смутак.
  14. Чалавек з разбэшчаным сэрцам насыціцца ад дарог сваіх, і добры — ад сваіх.
  15. Немысель верыць кожнаму слову, а разумны зважае на крокі свае.
  16. Мудры баіцца і ўнікае зла, а неразумны раздражнёны і саманадзейны.
  17. Запальчывы можа ўчыніць глупства; а чалавек, які наўмысна чыніць благое, ненавісны.
  18. Невукі спадкуюць дурасьць, а разумных увенчваюць веды.
  19. Схіляцца ліхія перад добрымі, і бязбожныя — каля варот праведніка.
  20. Беднага ненавідзіць, бывае, нават блізкі яго, а ў багатага многа сяброў.
  21. Хто пагарджае блізкім сваім, той грэшыць; а мілажальны да бедных, той шчасны.
  22. Ці не памыляюцца тыя, што намышляюць ліхое? Мілажаль і вернасьць у тых, што намышляюць добрае.
  23. Ад усякае працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі пахіба.
  24. Вянок мудрых — багацьце іхняе, а дурасьць невукаў дурасьць і ёсьць.
  25. Верны сьведка ратуе душы, а ілжывы нагаворвае шмат ілжы.
  26. У страху перад Госпадам — надзея цьвёрдая, і сынам сваім Ён прыстанішча.
  27. Страх Гасподні — крыніца жыцьця, што аддаляе ад сетак сьмерці.
  28. У мностве народу — веліч цара, а пры малалюдзтве — бяда ўладару.
  29. У цярплівага чалавека багата розуму, а ў палкага многа дурасьці.
  30. Ціхмянае сэрца — жыцьцё целу, а зайздрасьць — гнілізна касьцям.
  31. Хто ўціскае беднага, той ганіць Творцу яго; а хто шануе Яго, той творыць дабро беднаму.
  32. За ліха сваё бязбожны будзе адкінуты, а праведны і пры сьмерці сваёй мае надзею.
  33. Мудрасьць у сэрцы ў разумнага, і сярод неразумных яна адкрываецца.
  34. Праведнасьць узвышае народ, а беззаконьне — ганьба народаў.
  35. Ласка царова — рабу разумнаму, а гнеў цара — супроць таго, хто ганьбіць яго.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/20/14/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.