1. Гора мне! бо са мною цяпер — як пасьля збору летніх пладоў, як пасьля збору вінаграду: ніводнай ягадзіны на ежу, ні сьпелага плоду, якога жадае душа мая.
  2. Ня стала міласэрных на зямлі, няма праўдзівых сярод людзей; усе куюць змусты, каб праліваць кроў; кожны ставіць на брата свайго сетку.
  3. Рукі іхнія павернуты на тое, каб умець рабіць ліха; начальнік патрабуе дарункаў, і судзьдзя судзіць за хабар, а вяльможы выказваюць благія хаценьні душы сваёй і перакручваюць справу.
  4. Лепшы зь іх — як цёрн і справядлівы — горшы за калючы плот. Дзень узьвяшчальнікаў Тваіх, адведзіны Твае настаюць; сёньня спасьцігне іх бянтэжа.
  5. Ня верце сябру, не пакладайцеся на прыяцеля; ад той, што ляжыць на ўлоньні тваім, ахоўвае дзьверы вуснаў тваіх.
  6. Бо сын ганьбуе бацьку, дачка паўстае супроць маці, нявестка — супроць сьвякрові сваёй; ворагі чалавека — хатнія ягоныя.
  7. А я буду глядзець на Госпада, спадзявацца на Бога выратаваньня майго: Бог мой пачуе мяне.
  8. Ня радуйся дзеля мяне, непрыяцелька мая! хоць я ўпаў, але ўстану; хоць я ў змроку, але Гасподзь сьвятло мне.
  9. Гнеў Гасподні я буду несьці, бо зграшыў перад Ім, пакуль Ён ня вырашыць справы маёй і ня ўчыніць суд над мною; тады Ён вывядзе мяне на сьвятло, і я ўбачу праўду Ягоную.
  10. І ўгледзіць гэта непрыяцелька мая, і сорам пакрые яе, якая казала мне: «дзе Гасподзь Бог твой?» Нагледзяцца на яе вочы мае, як яна будзе таптаная быццам бруд на вуліцах.
  11. У дзень збудаваньня сьценаў тваіх — у гэты дзень аддаліцца вызначэньне.
  12. У той дзень прыйдуць да цябе з Асірыі і гарадоў Егіпецкіх, і ад Егіпта да ракі Еўфрата, і ад мора да мора, і ад гары да гары.
  13. А зямля тая будзе пустыняю за віну жыхароў яе, за плады дзеяў іхніх.
  14. Пасьві народ Твой жазлом Тваім, авечак спадчыны Тваёй, якія жывуць самотна ў лесе сярод Карміла; хай пасьвяцца яны на Васане і Галаадзе, як у дні старадаўнія!
  15. Як у дні зыходу твайго зь зямлі Егіпецкай, яўлю яму дзівосныя дзеі.
  16. Убачаць гэта народы і пасаромеюцца пры ўсёй магутнасьці сваёй: пакладуць руку на вусны, вушы іх зробяцца глухімі;
  17. будуць лізаць пыл, як зьмяя, як чэрві зямныя выпаўзуць яны з умацаваньняў сваіх; збаяцца Госпада Бога нашага, і збаяцца Цябе.
  18. Хто Бог, як Ты, Які выбачаеш беззаконьне і не залічваеш злачынствы астатку спадчыны Тваёй? ня вечна гневаецца Ён, бо любіць літаваць.
  19. Ён зноў умілажаліцца з нас, загладзіць беззаконьні нашыя. Ты ўкінеш у багну марскую ўсе грахі нашыя.
  20. Ты явіш вернасьць Якаву, літасьць Абрагаму, якую з клятваю абяцаў бацькам нашым ад дзён першых.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/33/07/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.