Паводле Мацьвея, разьдзел 27
- Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасьвятары і старэйшыны народу супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць:
- і зьвязаўшы Яго, завялі і перадалі яго Понцію Пілату, намесьніку.
- Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасьвятарам і старэйшынам,
- кажучы: зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам.
- І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся.
- Першасьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класьці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві.
- І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахаваньня чужынцаў;
- таму і называецца поле тое «полем крыві» па сёньняшні дзень;
- тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевыя,
- і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь.
- Ісус жа стаў перад намесьнікам. І спытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: Ты Цар Юдэйскі? А Ісус сказаў яму: ты кажаш.
- І калі вінавацілі Яго першасьвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
- Тады кажа Яму Пілат: ці ня чуеш, колькі сьведчаць супроць Цябе?
- І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намесьнік вельмі зьдзіўляўся.
- А на сьвята намесьнік меў звычай выпускаць народу аднаго вязьня, якога б хацелі.
- Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава.
- І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?
- Бо ведаў, што з зайздрасьці выдалі Яго.
- Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка ягоная паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёньня ў сьне шмат адцярпела за Яго.
- Але першасьвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Ісуса загубіць.
- Тады намесьнік сказаў у адказ: каго хочаце з двух, каб я выпусьціў вам? Яны сказалі: Вараву.
- Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць зь Ісусам, Якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: хай будзе ўкрыжаваны!
- А намесьнік сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: хай будзе ўкрыжаваны!
- Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі.
- І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых.
- Тады выпусьціў ім Вараву, а Ісуса, біўшы, аддаў на крыжаваньне.
- Тады воіны намесьнікавы, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк,
- і разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго пурпуру;
- і, сплёўшы вянок зь цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, укленчыўшы перад Ім, кпілі зь Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі!
- і плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі па галаве Яго.
- І калі назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру і апранулі Яго ў адзежу Ягоную, і павялі Яго на крыжаваньне.
- Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сымон: яго і прымусілі несьці крыж Ягоны.
- І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае «месца чарапоў»,
- далі Яму піць воцату, зьмяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.
- Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя;
- і, седзячы, вартавалі Яго там;
- і зьмясьцілі над галавою Ягонай надпіс зь віною Яго: Гэты ёсьць Ісус, Цар Юдэйскі.
- Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.
- А тыя, што міма праходзілі, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі
- і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыйдзі з крыжа.
- Падобна і першасьвятары з кніжнікамі і старэйшынамі і фарысэямі, насьміхаючыся, казалі:
- іншых ратаваў, а Самога Сябе ня можа ўратаваць. Калі Ён Цар Ізраілеў, хай цяпер сыйдзе з крыжа, і ўверуем у Яго;
- спадзяваўся на Бога: хай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.
- Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, зьневажалі Яго.
- Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай.
- а каля дзявятай гадзіны ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! ламб савахвані? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?
- Некаторыя, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ільлю кліча Ён.
- І адразу пабег адзін зь іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць;
- а другія казалі: пастой; пабачым, ці прыйдзе Ільля ўратаваць Яго.
- А Ісус, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух.
- І вось, завеса храма разадралася напалам, зьверху данізу; і зямля здрыганулася: і каменьне раскалолася;
- і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі;
- і выйшаўшы з магілаў пасьля ўваскрэсеньня Ягонага, увайшлі ў сьвяты горад і явіліся многім.
- А сотнік і тыя, што зь ім вартавалі Ісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбылося, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы.
- Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія ішлі сьледам за Ісусам з Галілеі, служачы Яму;
- сярод іх былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Якава і Ёсіі, і маці сыноў Зевядзеевых.
- Калі ж зьвечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, імем Язэп, які таксама вучыўся ў Ісуса;
- ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць Цела.
- І ўзяўшы Цела, Язэп абгарнуў яго чыстым палатном
- і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй магілы, адышоў.
- Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.
- На другі дзень, які ідзе за пятніцай, сабраліся першасьвятары і фарысэі да Пілата
- і казалі: спадару! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы, сказаў: «праз тры дні ўваскрэсну»;
- дык вось, загадай вартаваць магілу да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу: «уваскрэс зь мёртвых», і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.
- А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзеце, ахоўвайце, як ведаеце.
- Яны пайшлі і ахоўвалі магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту.
|
Выбор перевода и языка
|