1. Кіроўцу хору. На шошаніме. Псальма Давідава.
  2. Ратуй мяне, Божа; бо воды дайшлі да душы маёй.
  3. Я заграз у глыбокай багне, і няма на чым стаць; увайшоў у глыбіні водаў, і хуткая плынь іх панесла мяне.
  4. Я зьнямог ад крыку; засьмягла горла маё; стаміліся вочы мае, выглядаючы Бога майго.
  5. Тых, што ненавідзяць мяне бязь віны, болей, чым валос на маёй галаве: ворагі мае, што бязьвінна мяне перасьледуюць, набраліся сілы; чаго я не адбіраў, тое мушу аддаць.
  6. Божа! Ты ведаеш дурасьць маю, і грахі мае ад цябе не схаваны.
  7. Хай не пасаромяцца празь мяне тыя, што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе, Божа сілы. Хай не пасаромяцца празь мяне тыя, што шукаюць Цябе, Божа Ізраілеў;
  8. бо дзеля Цябе я цярплю зьнявагу, і ганьбаю пакрываюць аблічча маё.
  9. Счужынеў я братам маім, чужынцам зрабіўся сынам маці маёй,
  10. бо клопат па доме Тваім пажырае мяне, і ліхаслоўе тых, што Цябе ліхасловяць, падае на мяне,
  11. і постам выплакаў я душу маю, і гэта робяць зьнявагаю мне.
  12. І замест вопраткі я на сябе нацягнуў валасяніцу — і раблюся ім прытчаю;
  13. і пра мяне балабоняць, седзячы каля брамы, і сьпяваюць у песьнях тыя, што п'юць віно.
  14. А я з малітвай маёю да Цябе, Госпадзе; у час добрай зычлівасьці, Божа, па вялікай даброці Тваёй, пачуй мяне ў праўдзе ратунку Твайго;
  15. дастань мяне з багавіньня, каб не загразнуў я: хай я вызвалюся ад ненавісьнікаў маіх і ад глыбокіх водаў;
  16. хай не пацягне мяне цячэньне вады, хай не паглыне мяне багна, хай не замкне нада мною прорва пашчы свае.
  17. Пачуй мяне, Госпадзе, бо добрая міласьць Твая; у мностве шчадротаў Тваіх дагледзь мяне,
  18. не хавай твару Твайго ад раба Твайго, бо я смуткую; хутка пачуеш мяне;
  19. Наблізься да душы маёй, вызваль яе; дзеля ворагаў маіх уратуй мяне.
  20. Ты ведаеш паганьбеньне маё, сорам мой і агуду маю; ворагі мае ўсе прад Табою.
  21. Маё сэрца зламала агуда, і я зьнямогся; чакаў спагады, але няма яе — і спагадцаў, ды не знаходжу.
  22. І далі мне за ежу жоўць, і ў смазе маёй воцатам напаілі мяне.
  23. Няхай стане трапеза іхняя сеткаю ім, і мірнае застольле іхняе — пасткаю;
  24. няхай запамрочацца іхнія вочы, каб ім ня бачыць, і сьцёгны расслабі ім назаўсёды;
  25. вылі на іх лютасьць Тваю, і полымя гневу Твайго хай абдыме іх;
  26. селішча іхняе няхай запусьцее, і ў палатках іхніх хай ніхто ня жыве,
  27. бо, каго Ты забіў, яны яшчэ перасьледуюць, і пакуты Табою параненых памнажаюць.
  28. Прыкладзі беззаконьне да іхняга беззаконьня, і хай ня ўвойдуць яны ў праўду Тваю;
  29. няхай скрэсьлены будуць з кнігі жывых, і хай ня будуць запісаны з праведнымі.
  30. А я бедны і пакутую; дапамога Твая, Божа, хай адродзіць мяне.
  31. Я буду славіць імя Бога майго ў песьні, буду ўзьвялічваць яго праслаўленьнем,
  32. і будзе гэта даспадобы Госпаду болей, чым вол, чым цяля з рагамі і з капытамі.
  33. Угледзяць гэта спрагненыя, і зарадуюцца. І ажыве сэрца ваша, богашукальнікі;
  34. бо Гасподзь чуе ўбогіх і не пагарджае вязьнямі Сваімі.
  35. Хай праславяць Яго зямля і нябёсы, моры, і ўсё рухомае ў іх,
  36. бо ўратуе Бог Сіён, створыць гарады Юдавыя, і паселяцца там, і ўспадкуюць яго,
  37. і нашчадкі рабоў Ягоных умацуюцца ў ім, і тыя, што любяць імя Ягонае, сяліцца ў ім будуць.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/69/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.