1. Вучэньне Этана Эзрахіта.
  2. Пра ласкі Твае, Госпадзе, буду сьпяваць вечна, з роду ў род абвяшчаць праўду Тваю вуснамі маімі,
  3. бо кажу: будзе навек пакладзена ласка, на нябёсах уцьвердзіў Ты праўду Тваю, калі сказаў:
  4. «Я склаў запавет з выбранцам Маім, прысягаўся Давіду, рабу Майму:
  5. навечна ўгрунтую семя тваё, і твой род уладжу навечна».
  6. І праславяць нябёсы дзівосныя дзеі Твае, Госпадзе, і праўду Тваю ў саборы сьвятых,
  7. бо хто на нябёсах дараўнаецца з Богам? хто паміж сынамі Божымі спадобніцца Госпаду?
  8. Грозны Бог у вялікім гурце сьвятых, грозны Ён усім, хто Яго атачае.
  9. Госпадзе, Божа сіл! хто моцны, як Ты, Госпадзе? І праўда Твая навокал Цябе.
  10. Ты валадарыш над лютасьцю мора; калі ўздымаюцца хвалі яго, Ты іх таймуеш.
  11. Ты скінуў Раава, як пабітага; моцнаю мышцай Тваёю расьсеяў ворагаў Тваіх.
  12. Твае — нябёсы і Твая — зямля; сусьвет, і што напаўняе яго, Ты заснаваў.
  13. Поўнач і поўдзень Ты стварыў; Фавор і Ярмон зь імя Твайго радуюцца.
  14. Моцная мышца Твая, дужая рука, высокая правіца Твая!
  15. Правасудзьдзе й істасьць — аснова трона Твайго; любасьць і праўда прад абліччам Тваім ходзяць.
  16. Дабрашчасны народ, які ведае трубны кліч! Яны ходзяць у сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе;
  17. а зь імя Твайго радуюцца кожны дзень, і праўдаю Тваёю хваляцца,
  18. бо Ты акраса сілы іхняе, і добраю воляй Тваёю ўзвышаецца рог наш.
  19. Ад Госпада — шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраілевага цар наш.
  20. Калісьці казаў Ты ва ўяве сьвятому Твайму і сказаў: «Я дапамог мужнаму, узьнёс абранца з народу.
  21. Я здабыў Давіда, раба Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго.
  22. Рука Мая будзе зь ім, і мышца Мая ўмацуе яго.
  23. Вораг не пераможа яго, і сын беззаконьня ня ўцісьне яго.
  24. Скрышу перад ім ворагаў ягоных, і паб'ю ненавісьнікаў ягоных,
  25. і праўда Мая і ласка Мая зь ім, і Маім імем узвысіцца рог ягоны,
  26. і пакладу на мора руку ягоную, і на рэкі — правіцу ягоную
  27. Ён будзе клікаць мяне: Ты Бацька мой, Бог мой і цьвярдыня ратунку майго..
  28. І Я зраблю яго першынцам, вышэйшым за цароў зямных,
  29. навек захаваю яму ласку Маю, і запавет Мой зь ім будзе правільны.
  30. І прадоўжу навечна семя ягонае, і ягоны трон — як дні неба.
  31. Калі сыны ягоныя пакінуць закон Мой, і ня будуць хадзіць паводле наказаў Маіх;
  32. калі парушаць пастановы Мае, і загадаў Маіх не захаваюць:
  33. наведаю жазлом беззаконьне іхняе, і ўдарамі — няпраўду іхнюю;
  34. а ласкі Маёй не пазбаўлю яго, і не зьмяню ісьціны Маёй.
  35. Не парушу запавету Майго, і не памяняю таго, што выйшла з вуснаў Маіх,
  36. Аднойчы прысягнуў сьвятасьцю Маёю: а ці зманю Давіду?
  37. Семя ягонае будзе вечна, і трон ягоны, як сонца, прада Мною;
  38. вечна будзе цьвёрды, як месяц, і сьведка праўдзівы на нябёсах».
  39. Але Ты адкінуў і пагардзіў, угневаўся на памазанца Твайго;
  40. занядбаў запавет з рабом Тваім, кінуў на зямлю вянок ягоны;
  41. разбурыў усе агароджы ягоныя, абярнуў у руіны крэпасьці ягоныя.
  42. Рабуюць яго ўсе, хто праходзіць дарогаю; пасьмешышчам стаўся ён суседзям сваім.
  43. Ты ўзвысіў правіцу супраціўцаў ягоных, парадаваў усіх ворагаў ягоных.
  44. Ты павярнуў назад лязо меча ягонага, і не ўмацаваў яго ў бітве;
  45. адабраў у яго бляск, і трон ягоны скінуў долу;
  46. скараціў дні маладосьці ягонай, і пакрыў яго сорамам".
  47. Дакуль, Госпадзе, будзеш хавацца няспынна, будзе палаць лютасьць Твая, як вагонь?
  48. Прыгадай, які век мой: на якую марноту стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых?
  49. Хто зь людзей жыў — і ня бачыў сьмерці, выбавіў душу сваю ад рукі апраметнай?
  50. Дзе ранейшыя міласьці Твае, Госпадзе? Ты прысягаў Давіду ісьцінай Тваёю.
  51. Прыгадай, Госпадзе, паганьбеньне рабоў Тваіх, якое нашу я ў нетрах маіх ад усіх моцных народаў,
  52. як бэсьцяць ворагі Твае, Госпадзе, як няславяць сьляды памазанца Твайго.
  53. Дабраславёны Гасподзь навечна! Амін, амін!

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/89/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.