Першае да Карынфянаў, разьдзел 15
- Нагадваю вам, браты, Дабравесьце, якое я зьвеставаў вам, якое вы і прынялі, у якім і ўмацаваліся,
- якім і ратуецеся, калі настаўленьне памятаеце так, як я зьвеставаў вам, калі толькі ня марна ўверавалі.
- Бо я найперш перадаў вам, што і сам прыняў, гэта значыцца, што Хрыстос памёр за грахі нашыя, паводле Пісаньня,
- і што ён пахаваны быў і што ўваскрэс на трэйці дзень, паводле Пісаньня,
- і што зьявіўся Кіфу, потым дванаццаці;
- потым зьявіўся больш чым пяці сотням братоў у адзін час, зь якіх большая частка дагэтуль жывуць, а некаторыя і спачылі;
- потым зьявіўся Якаву, таксама ўсім апосталам;
- а пасьля ўсіх зьявіўся і мне, як нейкаму вылюдку.
- Бо я найменшы з апосталаў, і ня варты называцца апосталам, бо гнаў Царкву Божую.
- Але зь мілаты Божае я ёсьць тое, што ёсьць; і мілата Ягоная ўва мне ня была марная, але я болей за іх усіх папрацаваў; ня я, зрэшты, а мілата Божая, якая са мною.
- І вось, ці то я, ці яны, мы так прапаведуем, і вы так уверавалі.
- Калі пра Хрыста прапаведуецца, што Ён паўстаў зь мёртвых, дык як некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрэсеньня зь мёртвых?
- Калі няма ўваскрэсеньня зь мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрэс;
- а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык і пропаведзь нашая марная, марная і вера ваша.
- Пры гэтым мы сталіся б тады і непраўдзівымі сьведкамі пра Бога, бо сьведчылі б пра Бога, што Ён уваскрэсіў Хрыста, Якога Ён не ўваскрэшваў, калі, гэта значыцца, мёртвыя не ўваскрасаюць;
- бо, калі мёртвыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрэс;
- а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык вера ваша марная; вы яшчэ ў грахах вашых;
- таму і памерлыя ў Хрысьце загінулі.
- І калі мы ў гэтым толькі жыцьці спадзяёмся на Хрыста, дык мы самыя няшчасныя з усіх людзей.
- Але Хрыстос уваскрэс зь мёртвых, першынец з памерлых.
- Бо як сьмерць праз чалавека, так праз чалавека і ўваскрэсеньне зь мёртвых.
- Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысьце ўсе ажывуць.
- кожны ў сваім парадку; першынец Хрыстос, потым Хрыстовыя, у прышэсьце Ягонае.
- А потым канец, калі Ён перадасьць Царства Богу і Айцу, калі скасуе ўсякае начальства і ўсякую ўладу і сілу;
- бо Яму належыць валадарыць, пакуль «пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае»,
- а як апошні вораг зьнішчыцца — сьмерць,
- бо «ўсё пакарыў пад ногі Ягоныя»; калі ж сказана, што Яму ўсё падначалена, дык ясна, што акрамя Таго, Які пакарыў Яму ўсё.
- Калі ж усё ўпакорыць Яму, тады і сам Сын скарыцца Таму, Хто скарыў ўсё Яму, хай будзе Бог усё ва ўсім.
- Інакш, што робяць тыя, якія прымаюць хрышчэньне для мёртвых? Калі мёртвыя наогул не ўваскрасаюць, дык навошта і прымаюць хрышчэньне для мёртвых?
- Навошта ж і мы ўвесь час падупадаем небясьпецы?
- Я кожны дзень паміраю; прысягаю ў гэтым пахвалою вашаю, браты, якую я маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
- Разважыўшы па-людзку, калі я змагаўся са зьвярамі ў Эфэсе, якая мне карысьць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? Будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм.
- Не давайцеся ў зман; дрэнныя суполькі псуюць добрыя норавы.
- Працьверазецеся, як трэба, і не грашэце; бо на сорам вам кажу — некаторыя з вас ня ведаюць Бога.
- Але скажа хто-небудзь: як уваскрэснуць мёртвыя? і ў якім целе яны прыйдуць?
- Неразумны! тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ;
- і калі ты сееш, дык сееш ня цела будучае, а голае зерне, якое будзе, пшанічнае або іншае якое;
- але Бог дае яму цела як хоча, і кожнаму семені сваё цела.
- Ня ўсякая плоць, але інакшая плоць у людзей, інакшая плоць у жывёлін, інакшая ў рыб, інакшая ў птушак.
- Ёсьць целы нябесныя і целы зямныя: але інакшая слава ў нябесных, інакшая ў зямных;
- інакшая слава ў сонца, інакшая слава ў месяца, інакшая ў зорак; і зорка ад зоркі розьніцца славаю.
- Так і пры ўваскрэсеньні мёртвых; сеецца ў тленьні, паўстае ў нятленьні;
- сеецца ў няславе, паўстае ў славе; сеецца ў немачы, паўстае ў сіле;
- сеецца цела душэўнае, паўстае цела духоўнае. Ёсьць цела душэўнае, ёсьць цела і духоўнае.
- Так і напісана: «першы чалавек Адам стаўся душою жывою»; а апошні Адам ёсьць дух жыватворчы.
- Але ня духоўнае раней, а душэўнае, потым духоўнае.
- Першы чалавек — зь зямлі, і зямны; другі чалавек — Гасподзь — зь неба.
- Які зь зямлі, такія зямныя; і які нябесны, такія і нябесныя;
- і як мы насілі вобраз зямнога, так будзем насіць і вобраз нябеснага.
- Але тое скажу вам, браты, што плоць і кроў ня могуць успадкаваць Царства Божага, і тленьне ня спадкуе нятленьня.
- Я кажу вам тайну, ня ўсе мы памрэм, але ўсе пераменімся;
- раптам, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўваскрэснуць нятленьнымі, а мы пераменімся;
- бо тленнае гэтае мае апрануцца ў нятленнае, і сьмяротнае гэтае — апрануцца ў несьмяротнасьць.
- Калі ж тленьне гэтае апранецца ў нятленнасьць і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады збудзецца слова напісанае: «паглынута сьмерць перамогаю.
- Сьмерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?».
- А джала сьмерці — грэх; а сіла грэху — закон.
- Дзякаваць Богу, Які даў нам перамогу Госпадам нашым Ісусам Хрыстом.
- Дык вось, браты любасныя, будзьце цьвёрдыя, непахісныя, заўсёды майце посьпех у справе Гасподняй, ведаючы, што праца вашая не змарнее перад Госпадам.
|
Выбор перевода и языка
|