1. Псальма Давідава пра стварэньне сьвету. Дабраславі, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой! Ты дзівосна вялікі. Ты ўбраны ў славу і ў веліч,
  2. Ты ўбіраешся ў сьвятло, як у шаты, прасьціраеш нябёсы, як заслону,
  3. ладзіш над водамі вышынныя харомы Твае, робіш хмары Твае калясьніцаю, крочыш на крылах ветру.
  4. Ты творыш анёлаў Тваіх з духаў, слуг Тваіх — з вагню палымянага.
  5. Ты паставіў зямлю на цьвёрдых асновах: не пахісьнецца яна векавечна.
  6. Безданьню, як вопраткаю, накрыў Ты яе; на горах воды стаяць.
  7. Ад пагрозы Тваёй уцякаюць яны, ад голасу грому Твайго пабеглі яны;
  8. узыходзяць на горы, сыходзяць у даліны, на месца, якое Ты ім назначыў.
  9. Ты паклаў мяжу, якой не пяройдуць, і ня вернуцца зямлю пакрыць.
  10. Ты паслаў крыніцы ў даліны; паміж гор цякуць воды,
  11. пояць усіх зьвяроў польных; дзікія аслы спатольваюць смагу сваю.
  12. Каля іх жывуць птушкі нябесныя, з гольля падаюць галасы.
  13. Ты напойваеш горы з вышыняў Тваіх, плёнам дзеяў Тваіх зямля насычаецца.
  14. Ты росьціш быдлу траву, і зеляніну на спажытак чалавеку, каб ежу зь зямлі здабываў,
  15. і віно, якое вяселіць сэрца чалавеку, і алей, ад якога блішчыць твар ягоны, і хлеб, які мацуе сэрца чалавеку.
  16. Насычаюцца дрэвы Госпада, кедры Ліванскія, якія Ён пасадзіў;
  17. на іх гняздуюцца птушкі: яліны — пад гняздо буслам,
  18. высокія горы — сарнам; каменныя скалы — сховы зайцам.
  19. Ён стварыў месяц на азначэньне часу; сонца ведае свой захад.
  20. Ты прасьціраеш цемру, і бывае ноч: уначы бадзяюцца ўсе лясныя зьвяры;
  21. ільвы, якія рыкаюць па здабычы і просяць у Бога ежы сабе.
  22. Устае сонца, і яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы;
  23. выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю да вечара.
  24. Як многа дзеяў Тваіх, Госпадзе! Усё стварыў Ты мудра; зямля поўная твораў Тваіх.
  25. Гэта мора — вялікае і шырокае: там паўзуны, якім ліку няма, жывёлы малыя і вялікія;
  26. там плаваюць караблі, там гэты левіяфан, якога Ты стварыў гуляць у ім.
  27. Усе яны ад Цябе чакаюць, каб Ты даў ім ежу сваечасова.
  28. Даеш ім — прымаюць; адкрываеш далоню Тваю — насычаюцца дабром;
  29. схаваеш аблічча Тваё — палохаюцца; забіраеш у іх дух — паміраюць, і ў пыл свой вяртаюцца.
  30. пашлеш дух Твой — ствараюцца, і Ты абнаўляеш улоньне зямлі.
  31. Хай будзе Госпаду слава навечна; хай радуецца Гасподзь дзеямі Сваімі.
  32. Паглядзіць на зямлю, і яна трасецца; дакранецца да гор, і дымяцца.
  33. Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць.
  34. Хай Яму паспрыяе песьня мая; буду радавацца ў Госпадзе.
  35. Хай зьнікнуць грэшнікі зь зямлі, і бязбожных хай болей ня будзе. Дабраславі, душа мая, Госпада! Алілуя!

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/104/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.