1. Кіроўцу хору, Ідытуму. Псальма Давідава.
  2. Я сказаў: пільнавацьмуся дарогі сваёй, каб маім языком не грашыць; цугляцьму я вусны мае, пакуль бязбожны перада мною.
  3. Я быў нямы і безгалосы і маўчаў нават пра добрае; і жальба мая памацнела,
  4. запалілася сэрца маё ўва мне; у думках маіх загарэўся вагонь; я пачаў гаварыць языком маім;
  5. скажы мне, Госпадзе, пра канец мой і лік дзён маіх, які ён, каб я ведаў, які мой век.
  6. Вось, Ты далоняю вымераў дні мае, а век мой — як нішто прад Табою. Сапраўды, поўная марнасьць — кожны жывы чалавек.
  7. Сапраўды, чалавек ходзіць, як прывід; і марны клопат яго, зьбірае і ня ведае, каму дастанецца гэта.
  8. І сёньня чаго мне чакаць, Госпадзе? надзея мая на Цябе.
  9. Ад усіх беззаконьняў маіх вызвалілі мяне, не аддавай мяне на паглум неразумным.
  10. Я зрабіўся нямы, не растульваю вуснаў маіх, бо Ты ўчыніў гэта.
  11. Ухілі ад мяне ўразы Твае; я зьнікаю ад удару пагібельнай рукі Тваёй.
  12. Калі Ты дакорамі будзеш караць чалавека за злачынствы, рассыплецца, як ад молі, прывабнасьць ягоная. Так кожны чалавек — марны.
  13. Пачуй, Госпадзе, малітву маю, і выслухай енкі мае, ня будзь бязуважны да сьлёз маіх, бо вандроўнік я ў Цябе і прыхадзень, як бацькі мае ўсе.
  14. Адступі ад мяне, каб я мог умацавацца, перш чым адыду і ня будзе мяне.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/39/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.