1. Псальма Давідава ў чацьвёрты дзень тыдня. Божа помсты, Госпадзе. Божа помсты, акажы Сябе!
  2. Паўстань, Судзьдзя зямлі, аддай ганарліўцам адплату.
  3. Дакуль, Госпадзе, бязбожнікі, дакуль бязбожнікі радавацца будуць?
  4. Яны вырыгаюць дзёрзкія словы; пышаюцца ўсе беззаконьнікі;
  5. топчуць народ Твой, Госпадзе, прыгнятаюць спадчыну Тваю.
  6. Удаву і прыхадня забіваюць, і мардуюць сіротак,
  7. і кажуць: ня ўбачыць Гасподзь, і не даведаецца Бог Якаваў.
  8. Схамянецеся, бязглуздыя людзі! калі вы паразумнееце, недавумкі?
  9. Хіба Той, што вуха наставіў, не пачуе? і Той, Хто вока стварыў, ня ўбачыць?
  10. Хто настаўляе народы, ці ж ня выкрые, — Той, Хто вучыць чалавека разуменьню?
  11. Гасподзь ведае думкі чалавечыя, што яны марныя.
  12. Дабрашчасны той чалавек, якога настаўляеш Ты, Госпадзе, і вучыш законам Тваім,
  13. каб даць яму спакой у бядотныя дні, пакуль бязбожнаму будзе выкапана яма!
  14. Бо не адкіне Гасподзь народу Свайго і не пакіне спадчыны Сваёй.
  15. Бо суд вернецца да праўды, і за ім усе, хто шчырыя сэрцам.
  16. Хто паўстане за мяне супроць злыдняў? хто стане за мяне супроць ліхадзеяў?
  17. Калі б не Гасподзь быў мне памочнікам, неўзабаве ўсялілася б душа мая ў моўчу.
  18. Калі я казаў: хістаецца нага мая, — ласка Твая, Госпадзе, падтрымала мяне.
  19. Пры памнажэньні смуткаў маіх у сэрцы маім, суцяшэньні Твае душу маю шчасьцяць.
  20. Ці стане каля Цябе седала душагубаў, якія гвалт намышляюць насуперак закону?
  21. Натоўпам ідуць яны на душу праведніка, і асуджаюць кроў невінаватую.
  22. Але Гасподзь — абарона мая, і Бог мой — цьвярдыня прытулку майго,
  23. і аберне на іх беззаконьне іхняе, і зладзействам іхнім вынішчыць іх, вынішчыць іх Гасподзь Бог наш.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/94/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.