1. Павал, воляй Божаю пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Сасфэн брат,
  2. Царкве Божай, якая ў Карынфе, асьвечаным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым, з усімі, хто заклікае імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, у кожным месцы, у іх і ў нас:
  3. мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
  4. Не перастаю дзякаваць Богу майму за вас, дзеля мілаты Божай, дадзенай вам у Хрысьце Ісусе.
  5. Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усякім словам і ўсякім разуменьнем,
  6. бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьвердзілася ў вас,
  7. так што вы ня маеце нястачы ні ў якім дараваньні, чакаючы зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
  8. Які і ўмацуе вас да канца, каб вам быць бязьвіннымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
  9. Верны Бог, Якім вы пакліканыя да супольнасьці з Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.
  10. Малю вас, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно, і ня было паміж вамі падзелаў, а каб вы спалучаны былі ў адным духу і ў адных помыслах.
  11. Бо ад дамашніх Хлоіных сталася мне вядома пра вас, браты мае, што паміж вамі ёсьць незлагадзь.
  12. Я разумею тое, што ў вас кажуць: «я Паўлаў»; «я Апалосаў»; «я Кіфаў»; «а я Хрыстоў».
  13. Хіба падзяліўся Хрыстос? хіба Павал крыжаваўся за вас? альбо ў імя Паўлава вы ахрысьціліся?
  14. Дзякую Богу, што я нікога з вас ня хрысьціў, акрамя Крыспа і Гаія,
  15. каб не сказаў хто, што я хрысьціў у імя маё.
  16. Хрысьціў я таксама Сьцяпанаў дом; а ці хрысьціў я яшчэ каго, ня ведаю.
  17. Бо Хрыстос паслаў мяне ня хрысьціць, а зьвеставаць, ня ў мудрасьці слова, а каб не зьнясіліць крыж Хрыстовы.
  18. Бо слова пра крыж для пагібельных — юродзтва ёсьць, а нам, што ратуемся, — сіла Божая!
  19. Бо напісана: «Я зьнішчу мудрасьць мудрацоў, і розум разумных адкіну».
  20. Дзе мудрэц? дзе кніжнік? дзе суразмоўца веку гэтага? Ці не абярнуў Бог мудрасьць сьвету гэтага ў неразумнасьць?
  21. Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не спазнаў Бога ў мудрасьці Божай, дык заўгодна было Богу юродзтвам пропаведзі выратаваць веруючых.
  22. Бо і Юдэі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасьці;
  23. а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў камень спатыкненьня, а для Элінаў неразумнасьць,
  24. а для саміх пакліканых, Юдэяў і Элінаў, Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць;
  25. бо і буянае Божае мудрэйшае за людзей, і нямоцнае Божае мацнейшае за людзей.
  26. Паглядзеце, браты, хто вы, закліканыя: няшмат сярод вас мудрых па плоці, няшмат моцных, няшмат высакародных;
  27. але Бог выбраў буянае сьвету, каб пасароміць мудрых, і нямоглае сьвету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае;
  28. і бязроднае сьвету і пагарджанае і нічога ня значнае выбраў Бог, каб зьнясіліць значнае;
  29. на тое, каб ніякая плоць не пахвалялася перад Богам.
  30. Ад Яго і вы ў Хрысьце Ісусе, Які зрабіўся нам мудрасьцю ад Бога, праведнасьцю і асьвячэньнем і адкупленьнем,
  31. каб было, як напісана: «хто хваліцца, хваліся Госпадам».

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/53/01/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.