1. У астатнім, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам пра гэта самае мне ня цяжка, а вам карысна.
  2. Пільнуйцеся ад сабак, пільнуйцеся ад ліхіх дзеячаў, пільнуйцеся ад абразаньня;
  3. бо абразаньне — мы, калі служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, і не на плоць спадзяёмся;
  4. хоць я магу спадзявацца і на плоць. Калі хто іншы думае пакласьціся на плоць, дык тым болей я,
  5. абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраілевага, калена Веньямінавага, Габрэй ад Габрэяў, паводле закона — фарысэй,
  6. а ў руплівасьці — ганіцель царквы Божай, па праўдзе закона — беззаганны.
  7. Але што мне было перавагаю, тое дзеля Хрыста я палічыў марнасьцю.
  8. Ды і ўсё лічу марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго: дзеля Яго я ад усяго адмовіўся, і ўсё лічу сьмецьцем, каб здабыць Хрыста,
  9. і знайсьці сябе ў Ім не з маёю праведнасьцю, якая ад закона, а з тою, якая празь веру ў Хрыста, з праведнасьцю ад Бога па веры;
  10. каб спазнаць Яго, і сілу ўваскрэсеньня Ягонага, і мець удзел у пакутах Ягоных, прыпадобніцца да Яго ў сьмерці,
  11. каб дасягнуць уваскрэсеньня зь мёртвых.
  12. Ня тое, каб я ўжо дасягнуў мэты, альбо ўдасканаліўся; але прагну, а ці не дасягну і я, як дасягнуў мяне Хрыстос Ісус.
  13. Браты, я ня лічу, што я ўжо дасягнуў; а толькі, забываючы тое, што ўжо за мною, і сягаючы наперад,
  14. імкнуся да мэты, да гонару вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Ісусе.
  15. І вось, хто з нас дасканалы, так і мусіць думаць; калі ж вы пра што іначай думаеце, дык і гэта Бог вам прасьветліць.
  16. Тым часам, чаго б мы ні дасягнулі, так і павінны мысьліць і паводле таго правіла жыць.
  17. Пераймайце, браты, мяне і дзівецеся на тых, якія робяць згодна з прыкладам, які маеце ў нас.
  18. Бо многія, пра каго я часта казаў вам, а цяпер нават са сьлязьмі кажу, робяць, як ворагі крыжа Хрыстовага;
  19. іхні канец — пагібель, іхні бог — чэрава, і слава іхняя — у ганьбе: яны думаюць пра зямное.
  20. А нашае жыцьцё — на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Госпада нашага Ісуса Хрыста,
  21. Які нашае паганьбёнае цела пераўтворыць так, што яно прыпадобніцца праслаўленаму Целу Ягонаму, станецца сілаю, якою Ён дзейнічае і ўпакорвае Сабе ўсё.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/57/03/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.