1. Што ж, скажам, Абрагам, бацька наш, набыў па плоці?
  2. Калі Абрагам апраўдаўся дзеямі, ён мае пахвалу, але не перад Богам.
  3. Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць».
  4. Плата працаўніку залічваецца не зь мілаты, а з абавязку;
  5. а таму, хто не працуе, а верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца ў праведнасьць.
  6. Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў:
  7. «дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя;
  8. дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху».
  9. Дабрашчаснасьць гэтая датычыцца абразаньня, ці неабразаньня? Мы кажам, што Абрагаму вера залічылася ў праведнасьць.
  10. Калі залічылася? пасьля абразаньня ці да абразаньня? Не пасьля абразаньня, а да абразаньня.
  11. І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці празь веру, якую меў у неабразаньні, так што ён стаўся бацькам усіх веруючых у неабразаньні, каб і ім залічылася праведнасьць,
  12. і бацькам абрэзаных, ня толькі тых, што прынялі абразаньне, але і тых, што ходзяць па сьлядах веры бацькі нашага Абрагама, якую меў ён у неабразаньні.
  13. Бо не законам дадзена Абрагаму, альбо семені ягонаму, абяцаньне — быць спадкаемцам сьвету, а праведнасьцю веры.
  14. Калі спадкаемцы тыя, што сьцьвярджаюцца на законе, дык марная вера, нячыннае абяцаньне;
  15. бо закон творыць гнеў, таму што дзе няма закона, няма і парушэньня.
  16. Такім чынам па веры, каб было зь літасьці, каб абяцаньне было неадменнае ўсім, ня толькі па законе, але і па веры нашчадкаў Абрагама, які ёсьць бацька ўсім нам, —
  17. як напісана: «Я паставіў цябе бацькам многіх народаў», — перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае, як існае.
  18. Ён звыш надзеі, паверыў з надзеяй, праз што зрабіўся бацькам многіх народаў, згодна са сказаным: «Такое шматлікае будзе семя тваё».
  19. І, не зьнямогшыся ў веры, ён ня думаў, што цела ягонае, амаль стогадовага, ужо зьмярцьвела, і нутроба Сарыная ў зьмярцьвеньні;
  20. не пахіснуўся ў абяцаньні Божым недавярствам, а застаўся цьвёрды ў веры, узьнёсшы славу Богу,
  21. і будучы добра ўпэўнены, што Ён мае сілу выканаць абяцанае.
  22. Таму і залічылася яму ў праведнасьць.
  23. А што залічана было яму, напісана ня толькі яму аднаму,
  24. але і нам: залічыцца і нам, што веруюць у Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса (Хрыста), Госпада нашага,
  25. Які прададзены за грахі нашыя і ўваскрэс дзеля апраўданьня нашага.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/52/04/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.