Першае да Карынфянаў, разьдзел 9
- Ці не апостал я? Ці ня вольны я? Ці ня бачыў я Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці не мая дзея вы ў Госпадзе?
- Калі іншым я не апостал, дык для вас апостал, бо пячаць майго апостальства — вы ў Госпадзе.
- Вось мая абарона супроць асуднікаў маіх.
- Альбо мы ня маем улады есьці і піць?
- Альбо ня маем улады мець спадарожніцаю сястру жонку, як і астатнія апосталы, і браты Гасподнія, і Кіфа?
- Альбо адзін я і Варнава ня маем улады не працаваць?
- Які ваяр служыць калі-небудзь сваім коштам? Хто, пасадзіўшы вінаград, ня есьць пладоў яго? Хто, пасучы статак, ня есьць малака ад статку?
- Ці толькі па людзкой развазе я гэта кажу? Ці ня тое самае кажа і закон?
- Бо ў Майсеевым законе напісана: «ня цугляй мызу валу, які малоціць». Ці пра валоў дбае Бог?
- Альбо, можа, нам гаворыцца? Так, нам гэта напісана; бо, хто арэ, павінен араць з надзеяю, і хто малоціць, павінен малаціць з надзеяю атрымаць спадзяванае.
- Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, дык ці вялікае тое, калі пажнём у вас цялеснае?
- Калі іншыя маюць у вас уладу, дык ці ня болей мы? Але мы не карысталіся гэтай уладай, а ўсё пераносім, каб не паставіць якое перашкоды зьвеставаньню Хрыстоваму.
- Хіба ня ведаеце, што слугі пры храме кормяцца з храма? што слугі пры ахвярніку бяруць долю з ахвярніка?
- Так сама і Гасподзь наказаў прапаведнікам Дабравесьця жыць са зьвеставаньня.
- Але я не карыстаўся нічым такім. І напісаў гэта на тое, каб так было мне; бо мне лепей памерці, чым каб хто зьнішчыў славу маю.
- Бо, калі я зьвястую, дык няма мне чым хваліцца, бо гэта мусовы абавязак мой, і гора мне, калі не зьвястую!
- Бо калі раблю гэта з добрае волі, дык мецьму ўзнагароду; а калі ня з добрае волі, дык выконваю толькі даверанае мне служэньне.
- За што ж мне ўзнагарода? За тое, што, прапаведуючы Дабравесьце, зьвястую пра Хрыста бескарысьліва, не карыстаючыся маёй уладаю ў зьвеставаньні.
- Бо, будучы вольны ад усіх, я зрабіўся слугою ўсім, каб болей здабыць:
- для Юдэяў я быў як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для падзаконных быў як падзаконны, каб здабыць падзаконных;
- для тых, хто без закона, — як той, хто без закона, — будучы з законам перад Богам, але падзаконны Хрысту, — каб здабыць тых, хто без закона;
- для нямоглых быў як нямоглы, каб здабыць нямоглых, Для ўсіх я зрабіўся ўсіхнім, каб уратаваць, прынамсі, некаторых.
- А гэта раблю дзеля Дабравесьця, каб быць саўдзельнікам яго.
- Хіба ня ведаеце вы, што тыя, якія бягуць навыперадкі, бягуць усе, але толькі адзін здабывае ўзнагароду? Дык бяжэце так, каб здабыць.
- Усе падзьвіжнікі ўстрымліваюцца ад усяго: тыя — каб атрымаць вянок тленны, а мы — нятленны.
- І таму я бягу ня так, як бы марна, б'юся ня так, каб толькі махаць кулакамі ў паветры;
- а ўрымшчваю і занявольваю цела маё, каб, прапаведуючы іншым, самому ня стацца нявартым.
|
Выбор перевода и языка
|