1. Дух жа ясна кажа, што апошнім часам адступяцца некаторыя ад веры, слухаючы духаў спакусьнікаў і вучэньняў дэманскіх,
  2. праз крывадушнасьць ашуканцаў, што спалілі сумленьне сваё,
  3. якія забараняюць браць шлюб і есьці тое, што Бог стварыў, каб веруючыя і тыя, што ўведалі ісьціну, елі з падзякаю.
  4. Бо кожнае стварэньне Божае — добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем,
  5. бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.
  6. Унушаючы гэта братам, будзеш добры слуга Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты пасьледаваў.
  7. А недарэчных і бабскіх баек цурайся, а ўдасканальвай сябе ў пабожнасьці;
  8. бо цялеснае практыкаваньне мала карысьці дае, а пабожнасьць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцьця цяперашняга і будучага.
  9. Слова гэта слушнае і ўсякага даверу вартае.
  10. Бо мы на тое і працуем і паганьбеньне церпім, што надзею маем на Бога жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найперш веруючых.
  11. Прапаведуй гэта і вучы.
  12. Ніхто хай не пагарджае маладосьцю тваёю; але будзь узорам веруючым у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.
  13. Пакуль ня прыйду, займайся чытаньнем, настаўленьнем, вучэньнем.
  14. Не заняхайвай добраснага ў табе дару, які дадзены табе паводле прароцтва з ускладаньнем рук сьвятарства.
  15. Пра гэта турбуйся, гэтага не занядбай, каб посьпех твой усім быў відавочны.
  16. Пранікай у сябе і ў вучэньне, займайся гэтым пастаянна; бо, так паводзячыся, і сябе ўратуеш і слухачоў тваіх.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/61/04/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.