1. Пяты анёл затрубіў, і ўгледзеў я зорку, што ўпала зь неба на зямлю, і дадзены ёй ключ да калодзежа бездані:
  2. яна адамкнула калодзеж бездані, і выйшаў дым з калодзежа, як дым зь вялікае печы; і зацьмілася сонца і паветра ад дыму з калодзежа.
  3. І з дыму выйшла саранча на зямлю, і дадзена ёй была ўлада, якую маюць зямныя скарпіёны.
  4. І сказана было ёй, каб ня чыніла шкоды траве зямной, і ніякай зеляніне і ніякаму дрэву, а толькі адным людзям, якія ня маюць Божай пячаткі на лобе сваім.
  5. І дадзена ёй не забіваць іх, а толькі мучыць пяць месяцаў; і пакута ад яе падобная да пакуты ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека.
  6. У тыя дні людзі будуць шукаць сьмерці, ды ня знойдуць яе; захочуць памерці, ды сьмерць уцячэ ад іх.
  7. З выгляду саранча была падобная да коней, зрыхтаваных на вайну; і на галовах у яе як бы вянкі, падобныя на залатыя, а твары ў яе — як твары чалавечыя;
  8. і валасы ў яе — як валасы ў жанчыны, а зубы ў яе былі, як у львоў;
  9. на ёй былі панцыры, як бы панцыры жалезныя, а шум ад крылаў яе — як грукат ад калясьніц, калі безьліч коней бяжыць на вайну;
  10. у яе былі хвасты, як у скарпіёнаў, і ў хвастах у яе былі джалы; а ўлада ў яе была — шкодзіць людзям пяць месяцаў.
  11. Царом над сабою мела яна анёла бездані; імя яму па-Габрэйску «Аваддон», а па-Грэцку «Апальліён».
  12. Адно гора прайшло; вось, ідуць за ім яшчэ два горы.
  13. Шосты анёл затрубіў, і я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога ахвярніка, што стаяў прад Богам,
  14. які (голас) казаў шостаму анёлу, што меў трубу: вызвалі чатырох анёлаў, зьвязаных каля вялікай ракі Эўфрат.
  15. І вызвалены былі чатыры анёлы, падрыхтаваныя на дзень, і гадзіну, і месяц і год, каб умярцьвіць траціну людзей.
  16. Лічба коннага войска была дзьве цьмы разоў па цьме; і я чуў лічбу яго.
  17. Так бачыў я ў зьявішчы коней і на іх верхаўцоў, якія мелі на сабе панцыры вогненныя, гіяцынтавыя і серныя; галовы ў коней — як у ільвоў, і з храпы ў іх выходзіў вагонь, дым і серка.
  18. Ад гэтых трох пошасьцяў, ад вагню, дыму і серкі, што выходзілі з храпы іхняе, памерла траціна людзей;
  19. бо сіла коней была ў храпе ў іх і ў хвастах у іх; а хвасты ў іх былі падобныя да зьмеяў і мелі галовы, і імі яны чынілі шкоду.
  20. А рэшта людзей, якія не памерлі ад гэтых пошасьцяў, не раскаяліся ў дзеях рук сваіх, так каб не пакланяцца дэманам і залатым, срэбраным, медным, каменным і драўняным ідалам, якія ня могуць ні бачыць, ні чуць, ні хадзіць;
  21. і не пакаяліся яны ў забойствах сваіх, ні ў чарадзействах сваіх, ні ў распусьце сваёй, ні ў крадзяжах сваіх.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/66/09/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.