1. Слова Гасподняе, якое было Ёілю, сыну Ватуілаваму.
  2. Слухайце гэта, старцы, і ўважайце, усе жыхары зямлі гэтай: ці бывала такое ў дні вашыя альбо ў дні бацькоў вашых?
  3. Перадайце пра гэта дзецям вашым; а дзеці вашыя хай скажуць сваім дзецям, а іхнія дзеці — наступнаму роду;
  4. пазасталае ад вусеня ела саранча, пазасталае ад саранчы елі чэрві, а пазасталае ад чарвей даелі жукі.
  5. Прачнецеся, п'яніцы, і плачце і галасеце, усе, хто п'е віно, на вінаградным соку, бо ён адабраны ад вуснаў вашых!
  6. Бо прыйшоў на зямлю маю народ моцны і безьлічны; зубы ў яго — зубы ільвіныя, і сківіцы ў яго як у львіцы.
  7. Спустошыў ён вінаградную лазу маю, а смакоўніцу маю абламаў, абадраў яе нагола і кінуў; пабялелі галіны ў яе,
  8. Галасі, як маладая жонка, аперазаўшыся вярэтаю, па мужы маладосьці сваёй!
  9. Спынілася хлебнае прынашэньне і паліваньне ў доме Гасподнім; плачуць сьвятары, служкі Гасподнія.
  10. Спустошана поле, наракае зямля; бо зьнішчаны хлеб, высах вінаградны сок, зьвяла масьліна.
  11. Чырванейце ад сораму, земляробы, галасеце, вінаградары, па пшаніцы і ячмені, бо загінула жніво ў полі,
  12. засохла вінаградная лаза і смакоўніца зьвяла; гранатавае дрэва, пальма і яблыня — усе дрэвы ў полі пасохлі; таму і весялосьць у сыноў чалавечых зьнікла.
  13. Аперажэцеся вярэтаю і плачце, сьвятары! галасеце, служкі алтара! увайдзеце, начуйце ў вярэтах, службіты Бога майго! бо ня стала ў доме Бога вашага хлебнага прынашэньня і паліваньня.
  14. Назначце пост, абвясьцеце ўрачысты сход, склічце старцаў і ўсіх жыхароў краіны гэтай у дом Госпада Бога вашага і заклікайце да Госпада.
  15. О, які дзень! бо дзень Гасподні блізкі: як спусташэньне ад Усемагутнага прыйдзе ён.
  16. Ці ня перад нашымі вачыма адбіраецца ежа, ад дома Бога нашага — весялосьць і радасьць?
  17. Стлелі зярнятамі пад камлыгамі сваімі, апусьцелі засекі, разбураны кладоўкі, бо ня стала хлеба.
  18. Як стогне быдла, паныла ходзяць статкі валоў, бо няма ім пашы! томяцца і статкі авечак.
  19. Да Цябе, Госпадзе, заклікаю; бо агонь зжэр кормныя пашы пустыні, і полымя папаліла ўсе дрэвы ў полі.
  20. Нават і жывёлы на полі заклікаюць да Цябе, бо высахлі патокі водаў, і агонь зьнішчыў пашы пустыні.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/29/01/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.