Лявіт, разьдзел 23
- І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім пра сьвяты Гасподнія, у якія трэба склікаць сьвяшчэнныя сходы. Вось сьвяты Мае:
- шэсьць дзён можна працаваць, а на сёмы дзень субота спакою, сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; гэта субота Гасподняя ва ўсіх селішчах вашых.
- Вось сьвяты Гасподнія, сьвяшчэнныя сходы, якія вы павінны склікаць у свой час:
- у першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца ўвечары Пасха Гасподняя;
- і на пятнаццаты дзень таго самага месяца сьвята праснакоў Госпаду; сем дзён ежце праснакі;
- у першы дзень хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце;
- і сем дзён прыносьце ахвяры Госпаду; і на сёмы дзень таксама сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце.
- І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, і будзеце жаць на ёй жніво, дык прынясеце першы сноп жніва вашага да сьвятара;
- ён падыме гэты сноп перад Госпадам, каб здабыць вам упадабаньне; на другі дзень сьвята падыме яго сьвятар;
- і ўдзень уздыманьня прынясеце на цэласпаленьне Госпаду ягня-адналетка, без пахібы,
- і зь імі хлебнага прынашэньня дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у ахвяру Госпаду, дзеля прыемнай духмянасьці, і выліваньне да яго чвэрць гіна віна;
- і ніякага новага хлеба, ні сушанага зерня, ні зерня сырога ня ежце да таго дня, калі прынесяце прынашэньні Богу вашаму: гэта вечная пастанова ў роды вашыя ва ўсіх селішчах вашых.
- Адлічэце сабе ад першага дня пасьля сьвята, ад таго дня, калі прыносіце сноп трасеньня, сем поўных тыдняў,
- да першага дня пасьля сёмага тыдня адлічэце пяцьдзясят дзён, і тады прынясеце новае хлебнае прынашэньне Госпаду:
- ад селішчаў вашых прыносьце два хлебныя прынашэньні, якія павінны складацца зь дзьвюх дзясятых долі эфы пшанічнай мукі і павінны быць сьпечаныя кіслыя, першы плод Госпаду;
- разам з хлябамі пастаўце сем ягнят без пахібы, адналетак, і з буйнога быдла адно цяля і двух бараноў; хай будзе гэта на цэласпаленьне Госпаду, і хлебнае прынашэньне і выліваньне да іх, у ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.
- Падрыхтуйце таксама са статку коз аднаго казла ў ахвяру за грэх і двух ягнят-адналетак у ахвяру мірную;
- сьвятар павінен прынесьці гэта, трасучы перад Госпадам, разам з трасёнымі хлябамі першага плоду і з двума ягнятамі, і гэта будзе сьвятыняю Госпаду: сьвятару;
- і склікайце народ у гэты дзень, сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ва ўсіх селішчах вашых у роды вашыя.
- Калі будзеце жаць жніво на зямлі вашай, не дажынай да краю поля твайго, калі жнеш, і рэштак ад жніва твайго не зьбірай: беднаму і прыхадню пакінь гэта. Я Гасподзь, Бог ваш.
- І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- скажы сынам Ізраілевым: у сёмы месяц, у першы дзень месяца хай будзе ў вас спакой, сьвята трубаў, сьвяшчэнны сход;
- ніякай працы не рабеце і прыносьце ахвяру Госпаду.
- І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- таксама на дзявяты дзень сёмага месяца гэтага, дзень ачышчэньня, хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход: упакорвайце душы вашыя і прыносьце ахвяру Госпаду:
- ніякай працы не рабеце ў дзень гэты, бо гэта дзень ачышчэньня, каб ачысьціць вас перад абліччам Госпада, Бога вашага;
- і ўсякая душа, якая не ўпакорыць сябе ў дзень гэты, зьнішчыцца з народу свайго;
- і калі якая душа будзе рабіць якую-небудзь працу ў дзень гэты, Я зьнішчу тую душу з народу яе;
- ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ў роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых;
- гэта вам субота спакою, і ўпакорвайце душы вашыя, зь вечара дзявятага дня месяца; ад вечара да вечара сьвяткуйце суботу вашую.
- І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- скажы сынам Ізраілевым, зь пятнаццатага дня таго самага сёмага месяца сьвята кучак, сем дзён Госпаду;
- у першы дзень сьвяшчэнны сход, ніякай працы не рабеце;
- сем дзён прыносьце ахвяру Госпаду; на восьмы дзень сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, і прыносьце ахвяру Госпаду: гэта адданьне сьвята, ніякай працы не рабеце.
- Вось сьвяты Гасподнія, у якія трэба склікаць сьвяшчэнныя сходы, каб прыносіць у ахвяру Госпаду цэласпаленьне, хлебнае прынашэньне, заколатыя ахвяры і паліваньні, кожнае ў свой дзень,
- апрача субот Гасподніх і апрача дароў вашых, і апрача ўсіх абяцаньняў вашых і апрача ўсяго, што прыносіце з руплівасьці вашай, што вы даяце Госпаду.
- А на пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі вы зьбіраеце творы зямлі, сьвяткуйце сьвята Гасподняе сем дзён: у першы дзень спакой і ў восьмы дзень спакой;
- у першы дзень вазьмеце сабе галінкі прыгожых дрэў, галінкі пальмавыя і галінкі дрэў шырокалістых і вербаў рачных, і весялецеся прад Госпадам, Богам вашым сем дзён
- і сьвяткуйце гэта сьвята Гасподняе сем дзён у год: гэта пастанова вечная ў роды вашыя: на сёмым месяцы сьвяткуйце яго;
- у намётах жывеце сем дзён; кожны тубылец Ізраільцянін павінен жыць у намёце,
- каб ведалі роды вашыя, што ў намётах пасяліў Я сыноў Ізраілевых, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш.
- І абвясціў Майсей сынам Ізраілевым пра сьвяты Гасподнія.
|
Выбор перевода и языка
|