Выхад, разьдзел 22
- Калі хто ўкрадзе вала, альбо прадасьць, дык пяць валоў заплаціць за вала і чатыры авечкі за авечку.
- Калі хто застане злодзея, які падкопваецца, і ўдарыць яго так, што той памрэ, дык кроў не залічыцца на яго;
- але калі ўзышло над ім сонца, дык залічыцца на ім кроў. Хто ўкраў, павінен заплаціць; а калі няма чым, дык няхай прададуць яго на плату за ўкрадзенае ім;
- калі ўкрадзенае знойдзецца ў яго ў руках жывым, ці то вол, ці асёл, ці авечка, хай заплаціць удвая.
- Калі хто паглуміць поле, альбо вінаграднік, пусьціўшы быдла сваё глуміць чужое поле, няхай адшкадуе лепшым з поля свайго і лепшым зь вінаградніка свайго.
- Калі зьявіцца агонь і ахопіць пожню і выпаліць капіцы, альбо жніво, альбо поле, дык павінен заплаціць, хто ўчыніў гэты пажар, удвая;
- Калі хто аддасьць блізкаму на захаваньне срэбра, альбо рэчы, і яны ўкрадзены будуць з дому ягонага, дык, калі знойдзецца злодзей, няхай ён заплаціць удвая;
- а калі ня знойдзецца злодзей, няхай гаспадар дома прыйдзе да судзьдзяў і прысягне, што не прасьцёр рукі сваёй на ўласнасьць блізкага свайго.
- Пра ўсякую спрэчную рэч, пра вала, пра асла, пра авечку, пра вопратку, пра ўсякую згубленую рэч, пра якую хто-небудзь скажа, што яна ягоная, справа абодвух павінна быць даведзена да судзьдзяў: каго зьвінавацяць судзьдзі, той заплаціць блізкаму свайму ўдвая.
- Калі хто аддасьць блізкаму свайму асла, альбо вала, альбо авечку, альбо якое-небудзь іншае быдла на захаваньне, а ён памрэ, альбо будзе пашкоджаны, альбо зьведзены, так што ніхто гэтага ня ўбачыць, —
- прысяга перад Госпадам хай будзе паміж абодвума пра тое, што той, хто ўзяў, не працягне рукі сваёй на ўласнасьць блізкага свайго; і гаспадар павінен прыняць, а той ня будзе плаціць;
- а калі ўкрадзены будзе ў яго, дык павінен заплаціць гаспадару ягонаму;
- калі ж будзе зьверам разадраны, дык няхай за доказ пакажа разадранае: за разадранае ён ня плаціць.
- Калі хто пазычыць у блізкага свайго быдла, і яно будзе пашкоджана, альбо памрэ, а гаспадара яго ня было пры ім, дык павінен заплаціць;
- а калі гаспадар ягоны быў пры ім, дык не павінен плаціць; калі ён узяты быў у наймы за грошы, дык няхай і пойдзе за тую цану.
- Калі спакусіць хто дзяўчыну заручаную і перасьпіць зь ёю, няхай дасьць ёй вена і возьме сабе за жонку;
- а калі бацька ня згодзіцца выдаць яе за яго, няхай заплаціць срэбрам, колькі належыць на вена дзяўчатам.
- Варажбіткі не пакідай жывою.
- Кожны скаталожнік хай будзе аддадзены сьмерці.
- Той, хто прыносіць ахвяру божышчам, акрамя аднаго Госпада, хай будзе зьнішчаны.
- Прыхадня ня ўціскай і не прыгнятай яго, бо вы самыя былі прыхадні ў зямлі Егіпецкай.
- Ні ўдавы, ні сіраты ня ўціскайце;
- калі ж ты ўцісьнеш іх, дык, калі яны залямантуюць да Мяне, Я пачую лямант іхні,
- і запалае гнеў Мой, і забэю вас мечам, і будуць жонкі вашыя ўдовамі і дзеці вашыя сіротамі.
- Калі пазычыш грошы беднаму з народу Майго, дык ня ўціскай яго і не накладвай на яго ліхвы.
- Калі возьмеш у заклад вопратку блізкага твайго, да захаду сонца аддай яе,
- бо яна адзінае покрыва ў яго, яна — адзеньне цела ягонага, у чым будзе ён спаць? дык вось, калі ён залямантуе да Мяне, Я пачую, бо Я міласэрны.
- Судзьдзяў не ліхаслові і правадыра ў народзе тваім ня ганьбі.
- Не марудзь прыносіць пачаткі з гумна твайго і з чавільні тваёй; аддавай Мне першынца з сыноў тваіх;
- тое самае рабі з валом тваім і з авечкаю тваёю: сем дзён няхай яны будуць пры маці сваёй, а восьмага дня аддавай іх Мне.
- І будзеце ў Мяне людзьмі сьвятымі; і мяса, разадранага зьверам у полі, ня ежце, сабакам выкідайце яго.
|
Выбор перевода и языка
|