1. Вучэньне Асафава. Слухай, народзе мой, закону майго, прыхілеце вуха вашае да словаў з вуснаў маіх.
  2. Разамкну мае вусны ў прытчы і вымаўлю старадаўнія прыпавесьці.
  3. Што чулі мы і даведаліся і бацькі нашы нам пераказалі,
  4. не схаваем ад дзяцей іхніх, і абвесьцім роду будучаму славу Госпада, і сілу Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён утварыў.
  5. Ён устанавіў засьведчаньне ў Якаве і паклаў закон у Ізраілі, які наказаў бацькам нашым абвяшчаць дзецям іхнім,
  6. каб ведаў будучы род, дзеці, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвяшчалі дзецям сваім,
  7. класьці на Бога надзею сваю, і не забываць дзеяў Божых, і захоўваць наказы Ягоныя,
  8. і ня быць падобным да бацькоў іхніх, роду ўпарцістага і мяцежнага, сэрцам неўладкаванага і нявернага Богу духам сваім.
  9. Сыны Яфрэмавыя, узброеныя, лучнікі, павярнулі назад у дзень бітвы:
  10. яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць у законе Ягоным:
  11. забылі дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён нам паказаў.
  12. Ён перад вачыма бацькоў іхніх тварыў цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі Цаан.
  13. Падзяліў мора і правёў іх празь яго, і паставіў воды сьцяною;
  14. і ўдзень вёў іх вобмацкам, а ўначы сьвятлом вагню;
  15. расьсек камень у пустыні, і напаіў іх, як зь вялікае бездані;
  16. са скалы вывеў патокі, і пацяклі воды, як рэкі.
  17. Але яны ўсё грашылі прад Ім і раздражнялі Ўсявышнага ў пустыні:
  18. спакушалі Бога ў сэрцы сваім, патрабавалі ежы па душы сваёй,
  19. і казалі супраць Бога, і сказалі: «ці можа Бог згатаваць трапезу ў пустыні?»
  20. Вось, Ён ударыў па камені, і пацяклі воды, і паліліся ручаіны. «Ці можа Ён даць і хлеб, ці можа гатаваць мяса народу Свайму?»
  21. Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гневам, і вагонь загарэўся на Якава, і гнеў падняўся супроць Ізраіля,
  22. за тое, што ня верылі ў Бога і не спадзяваліся на ратваньне Ягонае.
  23. Ён загадаў аблокам угары, і адчыніў дзьверы неба,
  24. і пусьціў, быццам дождж, на іх манну ў ежу, і хлеб нябесны ім даў.
  25. Хлеб анёльскі еў чалавек, паслаў Ён ім ежы ўдосыць.
  26. Ён падняў на небе вецер усходні, і навёў паўднёвы сілаю Сваёю
  27. і, як пыл, паслаў на іх мяса дажджом, і, як пясок марскі, птушак крылатых;
  28. і кінуў іх сярод табара іхняга, каля жытлішчаў іхніх,
  29. і яны елі і наеліся; і даў ім, чаго яны зажадалі.
  30. Але яшчэ не прайшло хаценьне іхняе, яшчэ ежа была ў вуснах у іх,
  31. гнеў Божы прыйшоў на іх, забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраілевых паваліў.
  32. Пры ўсім гэтым яны ўсё ж грашылі далей, і ня верылі ў цуды Ягоныя.
  33. І загубіў дні іхнія ў марнасьці і гады іхнія ў страху.
  34. Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і з раніцы шукалі Бога,
  35. і прыгадвалі, што Бог — іхняе прыстанішча і Бог Усявышні — Збаўца іхні,
  36. і вуснамі сваімі лісьлівілі Яму, і языком сваім хлусілі прад Ім;
  37. а сэрца іхняе нямоцна стаяла прад Ім, і ня былі яны верныя запавету Ягонаму.
  38. Але Ён, Міласэрны, дараваў грэх і ня зьнішчаў іх; шматкроць адводзіў гнеў Свой і ня ятрыў лютасьці Сваёй.
  39. Ён памятаў, што яны — цялесныя, дыханьне, якое выходзіць і ня вяртаецца.
  40. Колькі разоў яны раздражнялі Яго ў пустыні і гневалі Яго ў краі неабжытым!
  41. І зноў спакушалі Бога, і зьневажалі Сьвятога Ізраілевага,
  42. не памяталі рукі Ягонай, дня, калі выбавіў іх ад прыгнёту,
  43. калі аказаў у Егіпце азнакі Свае і цуды Свае на полі Цаан.
  44. і ператварыў рэкі іхнія і патокі іхнія ў кроў, каб яны піць не маглі;
  45. паслаў на іх заедзь, каб джаліла іх, і жаб, каб губілі іх;
  46. парасьліну зямную іхнюю аддаў вусеням і працу іхнюю — саранчы;
  47. вінаград іхні пабіў градам і шаўкоўніцы іхнія аддаў сьцюжы;
  48. быдла іхняе аддаў граду і статкі іхнія — маланкам;
  49. паслаў на іх полымя гневу Свайго, і абурэньне, і лютасьць і беды, пасольства ліхіх анёлаў;
  50. Ён дарогу выпрастаў гневу Свайму, не ахоўваў іхніх душаў ад сьмерці, і быдла іхняе аддаў пошасьці;
  51. пабіў кожнага першынца ў Егіпце, пачаткі сілаў у намётах Хамавых;
  52. і павёў народ Свой, як авечак, пустыняю;
  53. вёў іх бясьпечна, і яны не баяліся, а ворагаў іхніх пакрыла мора;
  54. і прывёў іх у зямлю сьвятую Сваю, на гару гэтую, якую правіца Ягоная набыла.
  55. Прагнаў ад аблічча іхняга народы, і зямлю іхнюю разьдзяліў у спадчыну ім, і плямёны Ізраілевыя пасяліў у намётах іхніх.
  56. Але яны яшчэ спакушалі і засмучалі Бога Ўсявышняга, і пастановаў Ягоных ня трымаліся;
  57. адступалі і здраджвалі, як бацькі іхнія; вярталіся назад, як падманлівы лук;
  58. засмучалі Яго курганамі сваімі, ды ідаламі сваімі абуджалі зайздрасьць Ягоную.
  59. Пачуў Бог, і ўспалымніўся гневам, і моцна абурыўся супроць Ізраіля;
  60. пакінуў селішча ў Сіломе, скінію, у якой жыў Ён сярод людзей;
  61. і аддаў у няволю Ён моцнасьць Сваю і славу Сваю ў рукі ворага;
  62. і аддаў Ён мечу народ Свой, і прагневаўся на спадчыну Сваю.
  63. Хлопцаў ягоных пажыраў вагонь, і дзяўчатам ягоным не сьпявалі шлюбных песьняў;
  64. сьвятары ягоныя падалі ад меча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.
  65. Але быццам ад сну, абудзіўся Гасподзь, быццам волат, віном пераможаны,
  66. і ўдарыў ворагам ягоным у тыл, і пасароміў іх навекі,
  67. і адкінуў палатку Язэпаву, і роду Яфрэмавага не абраў.
  68. а выбраў калена Юдава, гару Сіён, якую палюбіў,
  69. і зладзіў, як неба, сьвятыню Сваю, і, як зямлю, угрунтаваў яе навечна,
  70. і выбраў Давіда, раба Свайго, і ўзяў яго ад кашараў,
  71. і ад даяроў прывёў яго пасьвіць народ свой, Якаваў, і спадчыну Сваю — Ізраіля.
  72. І ён пасьвіў іх у чысьціні сэрца свайго, і рукамі мудрымі вадзіў іх.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/78/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.