1. Выйшаўшы таго ж дня з дома, Ісус сеў каля мора.
  2. І сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.
  3. І гаварыў ім шмат прытчамі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.
  4. І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;
  5. іншае ўпала на мясьціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была ня глыбокая.
  6. А калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла;
  7. іншае ўпала ў церне, і вырасла церне і заглушыла яго;
  8. іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзясят, а тое ў трыццаць.
  9. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
  10. І прыступіўшы, вучні сказалі Яму: чаму прытчамі гаворыш ім?
  11. Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам дадзена ведаць таямніцы Царства Нябеснага, а ім ня дадзена;
  12. бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае;
  13. дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы ня бачаць, і чуючы ня чуюць, і не разумеюць;
  14. і збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: «слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і ня ўбачыце;
  15. агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае зьмежылі, каб ня ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець, і ня зьвернуцца, каб Я ацаліў іх».
  16. А вашы дабрашчасныя вочы, што бачаць; і вушы вашыя, што чуюць:
  17. бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
  18. Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта:
  19. да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхадзей і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным: вось каго азначае пасеянае пры дарозе.
  20. А пасеянае на камяністых мясьцінах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасьцю прымае яго;
  21. але ня мае кораня ў сабе і нясталы: калі настане ўціск альбо ганеньне за слова, адразу спакушаецца.
  22. А пасеянае ў церне азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і панада багацьця заглушае слова, і яно стаецца бясплодным.
  23. А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, які і плод прыносіць і дае адзін сто, другі шэсьцьдзясят, а той трыццаць.
  24. Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім;
  25. калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў;
  26. калі ўзышла рунь і завязала плод, тады зьявіўся і куколь.
  27. Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар! ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь?
  28. А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго?
  29. А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам зь ім і пшаніцы;
  30. пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае.
  31. Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім,
  32. якое, хоць меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі яго.
  33. Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына ўзяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.
  34. Гэта ўсё казаў Ісус прытчамі люду, і бяз прытчы нічога не казаў ім,
  35. каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: «Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету».
  36. Тады Ісус, адпусьціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі.
  37. А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы;
  38. поле ёсьць сьвет; добрае насеньне гэта — сыны Царства, а куколь — сыны ліхога;
  39. вораг, які пасеяў яго, ёсьць д'ябал; жніво ёсьць сканчэньне веку, а жняцы — анёлы.
  40. А таму, як зьбіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэньні веку гэтага:
  41. пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконьне,
  42. і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў;
  43. тады праведныя зазьзяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
  44. Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.
  45. Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых пэрлаў,
  46. які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны пэрл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.
  47. Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на нерат, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду,
  48. які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начыньне, а благое кінулі прэч.
  49. Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць ліхіх з асяродзьдзя праведных,
  50. і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгат зубоў.
  51. Сказаў ім Ісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць яму: так, Госпадзе!
  52. А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.
  53. І сталася, калі скончыў Ісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль.
  54. І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы?
  55. ці не цесьляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда?
  56. і сёстры Яго ці ня ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
  57. І паняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.
  58. І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхняга.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/40/13/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.