Ісая, разьдзел 55
- Спрагненыя! ідзеце ўсе да водаў; нават і вы, у каго няма срэбра, ідзеце, купляйце і ежце; ідзеце, купляйце бяз срэбра і бяз платы віно і малако.
- Навошта вам наважваць срэбра за тое, што ня хлеб, і заробак свой за тое, што не насычае? Паслухайце ўважліва і ежце дабро, і душа вашая хай раскашуецца тлушчам.
- Прыхілеце вуха ваша і прыйдзеце да Мяне; паслухайце, і жывая будзе душа вашая, — і дам вам запавет вечны, нязьменныя міласьці, абяцаныя Давіду.
- Вось, Я даў Яго ў сьведкі народам, у правадыры і настаўнікі народам.
- Вось,ты заклічаш народ, якога ты ня ведаў, і народы, якія цябе ня ведалі, пасьпяшаюцца да цябе дзеля Госпада Бога твайго і дзеля Сьвятога Ізраілевага, бо Ён праславіў цябе.
- Шукайце Госпада, калі можна знайсьці Яго; клічце Яго, калі Ён блізка.
- Хай пакіне бязбожнік дарогу сваю і беззаконьнік — намыслы свае, і хай зьвернецца да Госпада, — і Ён памілуе яго, і да Бога нашага, — бо Ён мілажальны.
- Мае думкі — ня вашыя думкі, ні вашыя шляхі — не Мае шляхі, кажа Гасподзь.
- Але Як неба вышэй за зямлю, так дарогі Мае вышэй за дарогі вашыя, і думкі Мае вышэй за думкі вашыя.
- Як дождж і сьнег зыходзяць зь неба і туды не вяртаюцца, а напойваюць зямлю і робяць яе здольнаю радзіць і вырошчваць, каб яна давала насеньне таму, хто сее, і хлеб таму, хто есьць,
- так і слова Маё, якое зыходзіць з вуснаў Маіх, — яно не вяртаецца да Мяне марным, а выконвае тое, што Мне заўгодна, і зьдзяйсьняе тое, на што Я паслаў яго.
- Дык вось, вы выйдзеце зь весялосьцю і вас правядуць зь мірам; горы і пагоркі будуць сьпяваць перад вамі песьню, і ўсе дрэвы ў полі — папляскаюць вам.
- Замест цярноўніку вырасьце кіпарыс; замест крапівы вырасьце мірт; і гэта будзе на славу Госпаду, на знак вечны, непарушны.
|
Выбор перевода и языка
|