Захарыя, разьдзел 2
- І зноў я ўзьвёў вочы мае і ўгледзеў: вось муж, у якога ў руцэ — землямерная вяроўка.
- Я спытаўся: куды ты ідзеш? І ён сказаў мне: мерыць Ерусалім, каб убачыць, якая шырыня яго і якая даўжыня яго.
- І вось анёл, які гаварыў са мною, выходзіць, а другі анёл ідзе насустрач яму,
- і сказаў ён гэтаму: ідзі хутчэй, скажы гэтаму юнаку: Ерусалім заселіць ваколіцы з прычыны мноства людзей і быдла ў ім.
- І Я буду яму, кажа Гасподзь, вогненнаю сьцяною вакол яго і праслаўлюся сярод яго.
- Эй, эй! бяжэце з паўночнай краіны, кажа Гасподзь: бо па чатырох вятрах нябесных Я расьсеяў вас, кажа Гасподзь.
- Ратуйся, Сіёне, які жывеш у дачкі Вавілона.
- І так кажа Гасподзь Саваоф: дзеля славы Ён паслаў мяне да народаў, якія рабавалі вас; бо той, хто дакранаецца да вас, дакранаецца да зрэнкі вока Яго.
- І вось, Я падыму руку Маю на іх, і яны зробяцца здабычаю рабоў сваіх, і тады ўведаеце, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне.
- Радуйся і весяліся, дачка Сіёна! Бо вось, Я прыйду і пасялюся сярод цябе, кажа Гасподзь.
- І прыбягуць да Госпада многія народы ў той дзень і будуць Маім народам; і я пасялюся сярод цябе, і ўведаеш, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне да цябе.
- Тады Гасподзь возьме ва ўладаньне Юду, Сваю долю на сьвятой зямлі, і зноў выбера Ерусалім.
- Хай маўчыць усякая плоць перад абліччам Госпада! Бо Ён падымаецца ад сьвятога жытлішча Свайго.
|
Выбор перевода и языка
|