Ерамія, разьдзел 51
- Так кажа Гасподзь: вось, Я падыму на Вавілон і на жыхароў ягоных супраціўнікаў Маіх.
- і пашлю на Вавілон вейнікаў, і разьвеюць яго, і спустошаць зямлю яго, бо ў дзень бедства нападуць на яго з усіх бакоў.
- Хай лучнік напінае лук супроць таго, хто напінае лук, і на таго, хто выстаўляецца бранёю сваёю; і ня літуйце юнакоў яго, зьнішчыце ўсё войска ягонае.
- Пабітыя няхай упадуць на зямлі Халдэйскай і прабітыя — на дарогах яе.
- Бо не аўдавеў Ізраіль і Юда ад Бога свайго, Госпада Саваофа, хоць зямля іх поўная грахамі перад Сьвятым Ізраілевым.
- Уцякайце з асяродзьдзя Вавілона і ратуйце кожны душу сваю, каб не загінуць ад беззаконьня яго, бо гэта час помсты ў Госпада: Ён аддасьць яму аддачу.
- Вавілон быў залатою чараю ў руцэ ў Госпада, што ап'яняла ўсю зямлю; народы пілі зь яе віно і вар'яцелі.
- Раптоўна ўпаў Вавілон і разьбіўся; галасеце па ім, вазьмеце бальзаму на раны яго, можа, ён ацаліцца.
- Лекавалі мы Вавілон, але не ацаліўся; пакіньце яго, і хадземце кожны ў сваю зямлю, бо вырак пра яго дастаў да нябёсаў і падняўся да воблакаў.
- Гасподзь вывеў на сьвятло праўду нашу; хадземце і ўзьвесьцімце на Сіёне дзею Госпада Бога нашага.
- Вастрэце стрэлы, напаўняйце калчаны; Гасподзь разбудзіў дух цароў Мідыйскіх, бо ў Яго ёсьць намер супроць Вавілона, каб зьнішчыць яго, бо гэта ёсьць помста Госпада, помста за храм Ягоны.
- Насупроць сьцен Вавілона падымеце сьцяг, узмоцніце нагляд, расстаўце варту, падрыхтуйце засады, бо, як Гасподзь намысьліў, так і зробіць, што мовіў на жыхароў Вавілона.
- О, ты, што жывеш каля водаў вялікіх, багаты скарбамі! прыйшоў канец твой, мера прагнасьці тваёй!
- Гасподзь Саваоф, запрысягнуўся Самім Сабою: у ісьціне кажу, што напоўню цябе людзьмі, як саранчою, і падымуць крык супроць цябе.
- Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, сьцвердзіў сусьвет мудрасьцю Сваёю і розумам Сваім расхінуў нябёсы.
- Па голасе Яго шумяць воды на нябёсах, і Ён узводзіць воблакі ад краёў зямлі, творыць маланкі сярод дажджу і выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.
- Вар'яцее кожны чалавек у сваім веданьні, сарамаціць сябе кожны гутнік балванам сваім, бо балван ягоны ёсьць хлусьня, і няма ў ім духу.
- Гэта — поўная пустата, дзея аблуды; у час наведаньня іх яны зьнікнуць.
- Не такая, як іхняя, доля Якава, бо Бог ягоны ёсьць Творца ўсяго, і Ізраіль ёсьць жазло спадчыны Ягонай, імя Яго — Гасподзь Саваоф.
- Ты ў мяне — молат, зброя вайсковая; табою Я пабіваў народы і табою разбураў царствы;
- табою пабіваў каня і вершніка яго і табою пабіваў калясьніцу і калясьнічага яе;
- табою пабіваў мужа і жонку, табою пабіваў і старога і маладога, табою пабіваў і юнака і дзяўчыну;
- і табою пабіваў пастуха і статак ягоны, табою пабіваў і земляроба і працоўнае быдла ягонае, табою пабіваў і начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў.
- І аддам Вавілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсё тое ліха, якое яны чынілі на Сіёне на вачах у вас, кажа Гасподзь.
- Вось, Я — на цябе, гара загубная, кажа Гасподзь, што руйнуе ўсю зямлю, і працягну на цябе руку Маю, і скіну цябе са скалаў і зраблю цябе гарою абгарэлаю.
- І ня возьмуць зь цябе каменя для вуглоў і каменя на падмурак, а вечна будзеш запусьценьнем, кажа Гасподзь.
- Падымеце сьцяг на зямлі, трубеце ў трубу сярод народаў, азбройце супроць яго народы, склічце на яго царствы Арарацкія, Мінійскія і Аскеназскія, пастаўце правадыра супроць яго, навядзеце коней, як страшную саранчу.
- Азбройце супроць яго народы, цароў Мідыі, начальнікаў абласьцей і ўсіх кіроўцаў яе гарадоў і ўсю зямлю, падуладную ёй.
- Трасецца зямля і трымціць, бо спраўджваюцца над Вавілонам намеры Госпада зрабіць зямлю Вавілонскую пусткаю без жыхароў.
- Перасталі змагацца асілкі Вавілонскія, сядзяць ва ўмацаваньнях сваіх; вычарпалася сіла іхняя, зрабіліся як жанчыны, жытлішчы іхнія спалены, замкі іхнія патрушчаны.
- Ганец бяжыць насустрач ганцу, і весьнік — насустрач весьніку, каб узьвясьціць цару Вавілонскаму, што горад яго ўзяты з усіх бакоў,
- і броды захоплены, і агароджы спалены агнём, і ваяры ахоплены страхам.
- Бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: дачка Вавілона падобная на гумно ў час малацьбы ў ім; яшчэ крыху, і настане час жніва яе.
- Жэр мяне і грыз мяне Навухаданосар, цар Вавілонскі; зрабіў мяне пустым посудам; праглынуў мяне, як дракон; напаўняў чэрава сваё слодычамі маімі, вывяргаў мяне,
- Крыўда мая і плоць мая — на Вавілоне, скажа насельніца Сіёна, і кроў мая — на жыхарах Халдэі, скажа Ерусалім.
- Таму так кажа Гасподзь: вось, я ўступлюся ў тваю дзею і адпомшчу за цябе, і асушу мора яго, і высушу каналы яго.
- І Вавілон будзе грудаю руінаў, селішчам шакалаў, жудасьцю і пасьмешышчам, без жыхароў.
- Як ільвы зыркаюць усе яны, і заравуць як шчанюкі ільвіныя.
- У час іхняга разгарачэньня зраблю ім гасьціну і ўпаю іх, каб яны павесяліліся і заснулі вечным сном, і не прачыналіся, кажа Гасподзь.
- Зьвяду іх як ягнят на закол, як бараноў з казламі.
- Як узяты Сэсах, і заваявана слава ўсёй зямлі! Як зрабіўся Вавілон жахам сярод народаў!
- Памкнулася на Вавілон мора; ён пакрыты мноствам хваляў яго.
- Гарады яго зрабіліся пустымі, зямля сухою, стэпам, зямлёю; дзе ня жыве ніводзін чалавек, і дзе не праходзіць сын чалавечы.
- І наведаю Віла ў Вавілоне і вырву з вуснаў ягоных праглынутае ім, і народы ня будуць болей сьцякацца да яго, нават і муры Вавілонскія асыплюцца.
- Выходзь з асяродзьдзя яго, народзе Мой, і ратуйце кожны душу сваю ад палымянага гневу Госпада.
- Хай не аслабне сэрца вашае, і ня бойцеся чуткі, якая будзе пачута на зямлі; чутка прыйдзе ў адзін год, і потым на другі год, і на зямлі будзе гвалт, валадар паўстане на валадара.
- Таму вось, прыходзяць дні, калі Я наведаю балваноў Вавілона, і ўся зямля ягоная будзе пасаромлена, і ўсе пабітыя яго ўпадуць сярод яго.
- І ўзрадуюцца над Вавілонам неба і зямля і ўсё, што на іх; бо з поўначы прыйдуць да яго спусташальнікі, кажа Гасподзь.
- Як Вавілон не скідаў пабітых Ізраільцян, так у Вавілоне будуць скінуты пабітыя ўсёй краіны.
- Хто ўратуецца ад меча, уцякайце, ня спыняйцеся, спамянеце здалёк пра Госпада, і хай узыдзе Ерусалім на сэрца ваша.
- Сорамна нам было, калі мы слухалі нагану; ганьба пакрывала твары нашыя, калі чужаземцы прыйшлі ў сьвятыню дома Гасподняга.
- Затое вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі я наведаю балваноў ягоных, і па ўсёй зямлі яго будуць стагнаць параненыя.
- Хоць бы Вавілон узвысіўся да нябёсаў, і хоць бы ён на вышыні ўмацаваў цьвярдыню сваю; але ад мяне прыйдуць да яго спусташальнікі, кажа Гасподзь.
- Праляціць гул ляманту ад Вавілона і вялікае разбурэньне — ад зямлі Халдэйскай,
- бо Гасподзь спустошыць Вавілон і пакладзе канец ганарыстаму голасу ў ім. Зашумяць хвалі іх як вялікія воды, пачуецца шумны голас іх.
- Бо прыйдзе на яго, на Вавілон, спусташальнік, і ўзяты будуць ратаборцы ягоныя, паламаныя будуць лукі іхнія; бо Гасподзь, Бог аддачаў, аддасьць аддачу.
- І напаю дап'яна князёў яго і мудрацоў яго, начальнікаў вобласьцяў яго і кіроўцаў гарадоў яго, і ваяроў яго, і заснуць сном вечным і не прачнуцца, кажа Цар, — Гасподзь Саваоф імя Яго.
- Так кажа Гасподзь Саваоф: тоўстыя муры Вавілона да падмурку будуць разбураны, і высокія брамы яго будуць спалены агнём; і вось, дарма працавалі народы, і плямёны мучылі сябе дзеля агню.
- Слова, якое прарок Ерамія наказаў Сэраю, сыну Нірыі, сыну Маасэі, калі ён выпраўляўся ў Вавілон з Сэдэкіем, царом Юдэйскім, у чацьвёрты год яго цараваньня; Сэрая быў галоўны пасьцельнік.
- Ерамія ўпісаў у адну кнігу ўсе бядоты, якія павінны былі прыйсьці на Вавілон, усе гэтыя прамовы, напісаныя на Вавілон.
- І сказаў Ерамія Сэраю: калі ты прыйдзеш у Вавілон, дык глядзі, прачытай усе гэтыя прамовы,
- і скажы: Госпадзе! Ты прамовіў пра месца гэтае, што зьнішчыш яго так, што не застанецца ў ім ні чалавека, ні быдла, а яно будзе вечнаю пустэльняю.
- І калі закончыш чытаньне гэтай кнігі, прывяжы да яе камень і кінь яе на сярэдзіну Еўфрата,
- і скажы: так апусьціцца Вавілон і не паўстане ад таго бедства, якое Я навяду на яго, і яны зусім зьнямогуцца. Дагэтуль прамовы Ераміі.
|
Выбор перевода и языка
|