1. І вярнуўся той анёл, які гаварыў са мною, і разбудзіў мяне, як будзяць чалавека са сну ягонага.
  2. І сказаў ён мне: што ты бачыш? І адказваў я: бачу, вось сьвяцільня ўся з золата і чашачка пад алей наверсе яе, і сем лампад, на ёй і па сем трубачак у лампадах, якія наверсе яе;
  3. і дзьве масьліны на ёй, адна з правага боку чашачкі, другая зь левага боку яе.
  4. І адказваў я і сказаў анёлу, які гаварыў са Мною: што гэта, спадару мой?
  5. І анёл, які гаварыў са мною, адказваў і сказаў мне: ты ня ведаеш, што гэта? І сказаў я: ня ведаю, спадару мой.
  6. Тады адказваў ён і сказаў мне так: гэта слова Госпада Зарававелю, у якім сказана: ня войскам і ня сілаю, а Духам Маім кажа Гасподзь Саваоф.
  7. Хто ты, вялікая гара перад Зарававелем? ты — раўніна, і вынесе ён кутні камень пры шумных ускліканьнях: «мілата, мілата на ім!»
  8. І было мне слова Гасподняе:
  9. рукі Зарававеля паклалі аснову Дому гэтаму; ягоныя рукі і закончаць яго, і даведаешся, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне да вас.
  10. Бо хто можа лічыць дзень гэты малаважным, калі радасна глядзяць на будаўнічы адвес у руках Зарававелевых тыя сем, — гэта вочы Госпада, якія абдымаюць позіркам усю зямлю?
  11. Тады адказваў я і сказаў яму: што азначаюць тыя дзьве масьліны з правага боку сьвяцільні і зь левага боку яе?
  12. Другі раз загаварыў я і сказаў яму: што азначаюць дзьве масьлічныя галіны, якія празь дзьве залатыя трубачкі выліваюць зь сябе золата?
  13. І сказаў ён мне: ты ня ведаеш, што гэта? Я адказваў: ня ведаю, спадару мой.
  14. І сказаў ён: гэта два памазаныя алеем, якія стаяць перад Госпадам усёй зямлі.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/38/04/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.