1. А свой дом Саламон будаваў трынаццаць гадоў і закончыў увесь дом свой.
  2. І пабудаваў ён дом з дрэва Ліванскага, даўжынёю сто локцяў, шырынёю пяцьдзясят локцяў, а вышынёю трыццаць локцяў, на чатырох радах кедровых слупоў; і кедровыя бярвеньні пакладзены былі на слупах.
  3. І насланы быў памост з кедра над бярвеньнямі на сарака пяці слупах, па пятнаццаць у рад.
  4. Аконных вушакоў было тры рады; і тры рады вокан, акно насупраць акна.
  5. І ўсе дзьверы і дзьвярныя вушакі былі чатырохвугольныя, і акно насупраць акна, у тры рады.
  6. І бабінец са слупоў зрабіў ён даўжынёю пяцьдзясят локцяў, шырынёю трыццаць локцяў, і перад імі ганак, і слупы, і парог перад імі.
  7. Яшчэ бабінец з пасадам, зь якога ён судзіў, бабінец для судзілішча зрабіў ён і пакрыў усе падлогі кедрам.
  8. У доме, дзе ён жыў, другі двор за бабінцам быў такога самага ўсталяваньня. І ў доме дачкі фараонавай, якую ўзяў за сябе Саламон, ён зрабіў такі самы бабінец.
  9. Усё гэта было зроблена з дарагіх камянёў, абчасаных паводле памеру, абрэзаных пілою, з унутранага і вонкавага боку, ад асновы да выступаў, і з вонкавага боку да вялікага двара.
  10. І ў фундамент пакладзены былі камяні дарагія, камяні вялікія, камяні дзесяць локцяў і камяні восем локцяў,
  11. і зьверху дарагія камяні, абчасаныя паводле памеру, і кедр.
  12. Вялікі двор абгароджаны быў вакол трыма радамі часаных камянёў і адным радам кедровых бярвеньняў; таксама і ўнутраны двор храма Госпада і бабінец храма.
  13. І паслаў цар Саламон і ўзяў з Тыра Хірама,
  14. сына адной удавы, з калена Нэфталімавага. Бацька яго Тыранін быў меднік; ён меў здольнасьць, майстэрства і ўменьне вырабляць усялякія рэчы зь медзі. І прыйшоў ён да цара Саламона і рабіў у яго ўсялякую працу:
  15. і зрабіў ён два медныя слупы, кожны па васемнаццаць локцяў вышынёю, і шнурок дванаццаць локцяў абдымаў той і другі слуп;
  16. і два вянкі, вылітыя зь медзі, ён зрабіў, каб пакласьці на вярху слупоў: пяць локцяў вышыні ў адным вянку і пяць локцяў вышыні ў другім вянку;
  17. сеткі плеценага вырабу і шнуркі ў выглядзе ланцужкоў для вянкоў, якія былі на вярху слупоў: сем на адным вянку і сем на другім вянку.
  18. Так зрабіў ён слупы і два рады гранатавых яблыкаў вакол сеткі, каб пакрыць вянкі, якія наверсе слупоў; тое самае зрабіў і для другога вянка.
  19. А ў бабінцы вянкі наверсе слупоў зроблены як лілеі, чатыры локці,
  20. і вянкі на абодвух слупах наверсе, проста над выпуклінай, якая каля сеткі; і на другім вянку, радамі вакол, дзьвесьце гранатавых яблыкаў.
  21. І паставіў слупы да бабінца храма; паставіў слуп па правы бок і даў яму імя Яхін, і паставіў слуп па левы бок і даў яму імя Воаз.
  22. І над слупамі паставіў вянкі, зробленыя як лілеі. Так закончана праца над слупамі.
  23. І зрабіў літае зь медзі мора, — ад краю яго да краю яго дзесяць локцяў, — зусім круглае, вышынёю пяць локцяў, і шнурок трыццаць локцяў абымаў яго вакол.
  24. Падабенствы гуркоў пад краямі яго акружалі яго па дзесяць на локаць, акружалі мора з усіх бакоў у два рады; падабенствы гуркоў былі вылітыя з адным ліцьцём.
  25. Яно стаяла на дванаццаці валах: тры глядзелі на поўнач, тры глядзелі на захад, тры глядзелі на поўдзень і тры глядзелі на ўсход; мора ляжала на іх, і зады іх былі павернутыя ўсярэдзіну пад яго.
  26. Таўшчынёю яно было ў далонь, і краі яго, зробленыя падобна да беражкоў чары, былі падобныя на лілею, якая распусьцілася. Яно ўмяшчала дзьве тысячы батаў.
  27. І зрабіў ён дзесяць медных падставак; даўжыня кожнай падстаўкі — чатыры локці, шырыня — чатыры локці і тры локці — вышыня.
  28. І вось будова падставак: у іх сьцены, сьцены паміж навугольнымі пласьцінамі;
  29. на сьценах, якія паміж навугольнікамі, ільвы, валы і херувімы; таксама і на навугольніках, а вышэй і ніжэй ільвоў і валоў — раскідзістыя вянкі;
  30. каля кожнай падстаўкі па чатыры медныя колы і восі медныя. На чатырох кутах выступы накшталт плячэй, выступы літыя зьнізу, пад чараю, каля кожнага вянка.
  31. Адтуліна ад унутранага вянка адзін локаць; адтуліна яго круглая, як у падножжа слупоў, паўтара локця і каля адтуліны яго выявы; але бакавыя сьцены чатырохкутныя, ня круглыя.
  32. Пад сьценамі было чатыры колы, і восі колаў у падстаўках; вышыня кожнага кола — паўтара локця.
  33. Будова колаў такая самая, як і будова колаў у калясьніцы; восі іх і абады іх і сьпіцы іх, усё было літое.
  34. Чатыры выступы на чатырох кутах кожнай падстаўкі; з падстаўкі выходзілі выступы яе.
  35. І наверсе падстаўкі круглае ўзвышэньне на паўлокця вышыні; і на версе падстаўкі тронкі яе і сьцены яе з адной зь ёю масы.
  36. І вырабіў ён на дошчачках яе тронкі і на сьценах яе херувімаў, львоў і пальмы, колькі дзе дазваляла месца, і вакол раскідзістыя вянкі.
  37. Так зрабіў ён дзесяць падставак: ва ўсіх іх адно ліцьцё, адна мера, адзін выгляд.
  38. І зрабіў дзесяць медных умывальніц: кожная ўмывальніца мясьціла сорак батаў, кожная ўмывальніца была чатыры локці, кожная ўмывальніца стаяла на адной зь дзесяці падставак.
  39. І расставіў падстаўкі — пяць па правым баку храма і пяць па левым баку храма, а мора паставіў па правым баку храма, на паўднёва-ўсходнім баку.
  40. І зрабіў Хірам умывальніцы і лапаткі і чары. І закончыў Хірам усю працу, якую рабіў у цара Саламона для храма Гасподняга:
  41. два слупы і дзьве апаяскі вянкоў, якія наверсе слупоў,і дзьве сеткі для накрываньня двух апаясак вянкоў, якія наверсе слупоў;
  42. і чатырыста гранатавых яблыкаў на кожную сетку, для накрываньня двух апаясак вянкоў, што на слупах;
  43. і дзесяць падставак і дзесяць умывальніц на падстаўках;
  44. адно мора і дванаццаць валоў пад морам;
  45. і тазы, і лапаткі, і чары. Усе рэчы, якія зрабіў Хірам цару Саламону для храма Госпада, з паліраванай медзі.
  46. Цар выліваў іх у гліністай зямлі, у ваколіцах Ярдана, паміж Сакхотам і Цартанам.
  47. І паставіў Саламон усе гэтыя рэчы на месца. З прычыны іх вялікага мноства, вага медзі ня вызначаная.
  48. І зрабіў Саламон усе рэчы, якія ў храме Госпада: залаты ахвярнік і залаты стол, на якім хлябы выстаўленыя;
  49. і сьвяцільні — пяць па правы бок і пяць па левы бок, перад заднім аддзяленьнем храма, з чыстага золата, і кветкі, і лампадкі, і абцужкі з золата;
  50. і місы, і нажы, і чары, і латкі, і кадзільніцы з чыстага золата, і петлі ў дзьвярах унутранага храма ў Сьвятым Сьвятых і ў дзьвярах у храме таксама з золата.
  51. Так зьвершана ўся праца, якую рабіў цар Саламон для храма Госпада. І прынёс Саламон прысьвечанае Давідам, бацькам ягоным; срэбра і золата і рэчы аддаў у скарбніцы храма Гасподняга.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/11/07/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.