1. І сказаў Ільля Фэсьвіцянін, з жыхароў Галаадскіх, Ахаву: жывы Гасподзь Бог Ізраілеў, прад Якім я стаю! у гэтыя гады ня будзе ні расы, ні дажджу, хіба толькі па маім слове.
  2. І было яму слова Гасподняе:
  3. ідзі адгэтуль і абярніся на ўсход і схавайся каля патока Харата, што насупраць Ярдана;
  4. з гэтага патока ты будзеш піць, а крумкачам Я загадаў карміць цябе там.
  5. І пайшоў ён і зрабіў паводле слова Гасподняга; пайшоў і застаўся каля патока Харата, што насупраць Ярдана.
  6. І крумкачы прыносілі яму хлеб і ваду раніцай і хлеб і мяса ўвечары, а з патока ён піў.
  7. Як прайшоў нейкі час, гэты паток высах, бо ня было дажджу на зямлю.
  8. І было яму слова Гасподняе:
  9. устань і йдзі ў Сарапэту Сідонскую і заставайся там; Я загадаў там жанчыне ўдаве карміць цябе.
  10. І ўстаў ён і пайшоў у Сарапэту. І калі прыйшоў да брамы горада, вось, там жанчына ўдава зьбірае дровы. І паклікаў ён яе і сказаў: дай мне крыху вады ў посудзе напіцца.
  11. І пайшла яна, каб узяць; а ён закрычаў усьлед ёй і сказаў: вазьмі дзеля мяне і кавалак хлеба ў рукі свае.
  12. Яна сказала: жывы Гасподзь Бог твой, у мяне нічога няма печанага, а толькі ёсьць прыгаршчы мукі ў кадушцы і крыху алею ў збанку; і вось, я зьбяру палена-другое дроў, і пайду, і прыгатую гэта сабе і сыну майму; зьямо гэта і памром.
  13. І сказаў ёй Ільля: ня бойся, ідзі, зрабі, што сказала; але раней з гэтага зрабі невялікі праснак мне і прынясі мне; а сабе і сыну свайму зробіш пасьля;
  14. бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: мука ў кадушцы ня кончыцца, і алей у збанку ня ўбудзе да таго дня, калі Гасподзь дасьць дождж на зямлю.
  15. І пайшла яна і зрабіла так, як сказаў Ільля; і кармілася яна, і ён, і дом яе некаторы час.
  16. Мука ў кадушцы ня кончылася, і алею ў збанку ня ўбывала, паводле слова Госпада, якое Ён сказаў празь Ільлю.
  17. Пасьля гэтага захварэў сын гэтай жанчыны, гаспадыні дома, і хвароба яго была такая моцная, што не засталося ў ім дыханьня.
  18. І сказала яна Ільлю: што мне і табе, чалавеча Божы? ты прыйшоў да мяне нагадаць грахі мае і ўсьмерціць сына майго.
  19. І сказаў ён ёй: дай мне сына твайго. І ўзяў яго з рук яе, і панёс яго ў сьвяцёлку, дзе ён жыў, і паклаў яго на сваю пасьцель;
  20. і зьвярнуўся да Госпада і сказаў: Госпадзе Божа мой! няўжо Ты і ўдаве, у якой я жыву, зробіш благое, усьмерціўшы сына яе?
  21. І схіліўшыся над хлопчыкам тры разы, ён зьвярнуўся да Госпада і сказаў: Госпадзе Божа мой! хай вернецца душа хлопчыка гэтага ў яго!
  22. І пачуў Гасподзь голас Ільлі, і вярнулася душа хлопчыка гэтага ў яго, і ён ажыў.
  23. І ўзяў Ільля хлопчыка, і адвёў яго з сьвяцёлкі ў дом, і аддаў яго маці ягонай, і сказаў Ільля: глядзі, сын твой жывы.
  24. І сказала тая жанчына Ільлю: вось цяпер я ўведала, што ты чалавек Божы і што слова Гасподняе ў вуснах тваіх праўдзівае.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/11/17/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.