1. Адчыняй, Ліване, брамы твае, і хай зжарэ агонь кедры твае.
  2. Галасі, кіпарысе; бо ўпаў кедр, бо і велічныя спустошаны; галасеце, дубы Васанскія, бо паваліўся непраходны лес.
  3. Чуцен голас галашэньня пастухоў, бо спустошана прывольле іхняе; чуцен рык медных ільвоў, бо спустошана краса Ярдана.
  4. Так кажа Гасподзь Бог мой: пасьві авечак, асуджаных на закол,
  5. якіх пакупцы забіваюць беспакарана, а прадаўцы кажуць: «дабраславёны Гасподзь; я разбагацеў!» і пастухі іхнія не шкадуюць пра іх.
  6. Бо Я ня буду болей літаваць жыхароў зямлі гэтай, кажа Гасподзь; і вось, Я прадам людзей, кожнага ў рукі блізкага яго і ў рукі цара яго, і яны біцьмуць зямлю, і Я ня выбаўлю з рук іхніх.
  7. І буду пасьвіць авечкі, асуджаныя на закол, авечкі ў ісьціне нябогія. І вазьму Сабе два жазлы, і назаву адзін — добрым упадабаньнем, другі — кайданамі, і зь імі буду пасьвіць авечкі.
  8. І зьнішчу трох з пастыраў у адзін месяц; і адвернецца душа Мая ад іх, калі й іхняя душа адварочваецца ад Мяне.
  9. Тады скажу: ня буду пасьвіць вас; якая памірае — хай памірае, і якая гіне — хай гіне, а якія застаюцца, хай ядуць плоць адна адной.
  10. І вазьму жазло Маё добрага ўпадабаньня і зламаю яго, каб зьнішчыць запавет, які заключыў Я з усімі народамі.
  11. І ён зьнішчаны будзе ў той дзень, і тады даведаюцца бедныя з авечак, якія чакаюць Мяне, што гэта — слова Госпада.
  12. І скажу ім: калі заўгодна вам, дык дайце Мне плату Маю; калі ж не, — не давайце; і яны наважаць як плату Мне трыццаць срэбранікаў.
  13. І сказаў мне Гасподзь: кінь іх у царкоўнае сховішча, — высокая цана, у Якую яны ацанілі Мяне! І ўзяў Я трыццаць срэбранікаў і кінуў іх у дом Гасподні ганчару.
  14. І пераламаў Я другое жазло Маё — «кайданы», каб разарваць братнасьць паміж Юдам і Ізраілем.
  15. І Гасподзь сказаў мне: яшчэ вазьмі сабе спаруду аднаго з дурных пастухоў.
  16. Бо вось, Я пастаўлю на гэтай зямлі пастуха, які не парупіўся пра тых, што гінулі, тых, што згубіліся, ня будзе шукаць і хворых ня будзе лекаваць, здаровых ня будзе карміць, а мяса тлустых будзе есьці і капыты іхнія адарве.
  17. Гора нездаляшчаму пастуху, які пакідае статак! меч на руку яго і на правае вока яго! рука яго зусім высахне, і правае вока яго зусім зацьміцца.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/38/11/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.