Першая Царстваў, разьдзел 4
- І было слова Самуіла да ўсяго Ізраіля. І выступілі Ізраільцяне супроць Філістымлянаў на вайну і атабарыліся каля Авэн-Эзэра, а Філістымляне атабарыліся каля Афэка.
- І выстраіліся Філістымляне супроць Ізраільцянаў, і адбылася бітва, і былі пабітыя Ізраільцяне Філістымлянамі, якія пабілі на полі бітвы каля чатырох тысяч чалавек.
- І прыйшоў народ у табар; і сказалі старэйшыны Ізраільскія: за што пабіў нас Гасподзь сёньня перад Філістымлянамі? возьмем сабе зь Сілома каўчэг запавета Гасподняга, і ён пойдзе сярод нас і ўратуе нас ад рукі ворагаў нашых.
- І паслаў народ у Сілом, і прынесьлі адтуль каўчэг запавета Госпада Саваофа, Які сядзіць на херувімах; а пры каўчэгу запавета Божага былі і два сыны Іліевыя, Офні і Фінээс.
- І калі прыбыў каўчэг запавета Гасподняга ў табар, увесь Ізраіль падняў такі вялікі крык, што зямля стагнала.
- І пачулі Філістымляне шум крыкаў і сказалі: чаго такія моцныя крыкі ў табары Габрэяў? І даведаліся, што каўчэг Гасподні прыбыў у табар.
- І спалохаліся Філістымляне, бо сказалі: Бог той прыйшоў да іх у табар. І сказалі: гора нам! бо ня бывала падобнага ні ўчора, ні заўчора;
- гора нам! хто выбавіць нас ад рукі гэтага магутнага Бога? гэта — Той Бог, Які пабіў Егіпцян усялякімі карамі ў пустыні;
- умацуйцеся і будзьце мужныя, Філістымляне, каб вам ня быць у рабстве ў Габрэяў як яны ў вас у рабстве; будзьце мужныя і паваюйце іх.
- І біліся Філістымляне, і пабітыя былі Ізраільцяне, і кожны пабег у намёт свой, і была параза вельмі вялікая, і загінула ў Ізраільцянаў трыццаць тысяч пешых.
- І каўчэг Божы быў узяты, і два сыны Іліевыя, Офні і Фінээс, памерлі.
- І пабег адзін Веньямініцянін зь месца бітвы і прыйшоў у Сілом таго ж самага дня; вопратка на ім была падраная і пыл на галаве ў яго.
- Калі прыйшоў ён, Ілій сядзеў на сядзеньні пры дарозе каля варот і глядзеў, бо сэрца ягонае трымцела за каўчэг Божы. І калі чалавек той прыйшоў і абвясьціў у горадзе, дык моцна застагнаў увесь горад.
- І пачуў Ілій гукі ляманту і сказаў: чаго такі шум? І адразу падышоў чалавек той і абвясьціў Ілію.
- Ілію было тады дзевяноста восем гадоў; і вочы ў яго патухлі, і ён ня мог бачыць.
- І сказаў той чалавек Ілію: я прыйшоў з табара, а сёньня бег я з поля бітвы. І сказаў Ілій: што адбылося, сыне мой?
- І адказваў весьнік і сказаў: пабег Ізраіль перад Філістымлянамі, і параза вялікая адбылася ў народзе, і абодва сыны твае, Офні і Фінээс, памерлі, і каўчэг Божы ўзяты.
- Калі спамянуў ён пра каўчэг Божы, Ілій упаў зь сядзеньня дагары каля варотаў, зламаў сабе хрыбет і памёр; бо ён быў стары і цяжкі. А быў ён судзьдзя Ізраіля сорак гадоў.
- Нявестка ягоная, жонка Фінээсава, была цяжарная, і ўжо блізіліся роды. Калі пачула яна вестку пра ўзяцьце каўчэга Божага і пра сьмерць сьвёкра свайго і мужа свайго, дык упала на калені і нарадзіла, бо падступіліся да яе болі яе.
- І калі памірала яна, дык жанчыны, якія стаялі каля яе, казалі ёй: ня бойся, ты нарадзіла сына. Але яна не адказвала і не зважала.
- І назвала дзіця: Іхавод, сказаўшы: «адышла слава ад Ізраіля» — з узяцьцем каўчэга Божага і зь сьмерцю сьвёкра яе і мужа яе.
- Яна сказала: адышла слава ад Ізраіля, бо ўзяты каўчэг Божы.
|
Выбор перевода и языка
|