1. На трэці дзень пасьля таго, як Давід і людзі ягоныя пайшлі ў Сэкелаг, Амалікіцяне напалі з поўдня на Сэкелаг і ўзялі Сэкелаг і спалілі яго агнём,
  2. а жанчын і ўсіх, што былі ў ім, ад малога да вялікага, не забілі, а забралі ў палон, і пайшлі сваёй дарогаю.
  3. І прыйшоў Давід і людзі ягоныя да горада, і вось, ён спалены агнём, а жонкі іхнія і сыны іхнія і дочкі іхнія пабраныя ў палон.
  4. І падняў Давід і люд, што быў у ім, плач, і плакалі, пакуль не засталося ў іх сілы плакаць.
  5. Узятыя былі ў палон і абедзьве жонкі Давіда, Ахінаама Ізраіліцянка і Авігея, былая жонка Навала, Кармэліцянка.
  6. Давід моцна быў зьбянтэжаны, бо люд хацеў пабіць яго камянямі, бо ўбольваўся душою ўвесь люд, кожны за сыноў сваіх і дочак сваіх.
  7. Але Давід умацаваўся спадзяваньнем на Госпада Бога свайго, і сказаў Давід Авіятару сьвятару, сыну Авімэлэхаваму: прынясі мне наплечнік. І прынёс Авіятар наплечнік Давіду.
  8. І спытаўся Давід у Госпада, кажучы: ці перасьледаваць мне гэтае полчышча, і ці даганю іх? І сказана яму: перасьледуй, дагоніш і адбярэш.
  9. І пайшоў Давід сам і шэсьцьсот мужчын, якія былі зь ім; і прыйшлі да патока Васор і стомленыя спыніліся там.
  10. І перасьледаваў Давід сам і чатырыста чалавек; а дзьвесьце чалавек заставаліся, бо ня мелі сілы перайсьці паток Васорскі.
  11. І знайшлі Егіпцяніна ў полі, і прывялі яго да Давіда, і далі яму хлеба, і ён еў, і напаілі яго вадою;
  12. і далі яму частку зь вязанкі смокваў і дзьве вязанкі разынак, і ён еў і ўмацаваўся, бо ён ня еў хлеба і ня піў вады тры дні і тры ночы.
  13. І сказаў яму Давід: чый ты і адкуль ты? І сказаў ён: я — хлопец Егіпцяніна, раб аднаго Амалікіцяніна, і кінуў мяне гаспадар мой, бо ўжо тры дні, як я захварэў;
  14. мы прарваліся ў паўднёвую частку Керэці і ў вобласьць Юдавую і ў паўднёвую частку Халева, а Сэкелаг спалілі агнём.
  15. І сказаў яму Давід: ці давядзеш мяне да гэтага полчышча? І сказаў ён: прысягні мне Богам, што ты не заб'еш мяне і не перадасі мяне ў рукі гаспадара майго, і я давяду цябе да гэтага полчышча.
  16. Давід прысягнуў яму, і ён павёў яго. І вось Амалікіцяне, рассыпаўшыся па ўсёй той краіне, ядуць і п'юць і сьвяткуюць з прычыны вялікай здабычы, якую яны ўзялі зь зямлі Філістымскай і зь зямлі Юдэйскай.
  17. І пабіваў іх Давід ад зьмярканьня да вечара другога дня, і ніхто зь іх не ўратаваўся, апрача чатырохсот юнакоў, якія селі на вярблюды і паўцякалі.
  18. І адабраў Давід усё, што ўзялі Амалікіцяне, і абедзьвюх жонак сваіх адабраў Давід,
  19. і не прапала ў іх нічога, ні малога, ні вялікага, ні з сыноў, ні з дачок, ні са здабычы, ні з усяго, што Амалікіцяне ўзялі ў іх: усё вярнуў Давід.
  20. І ўзяў Давід усё дробнае і буйное быдла, і гналі яго перад сваім быдлам і казалі: гэта — Давідава здабыча.
  21. І прыйшоў Давід да тых дзьвюх сотняў чалавек, якія ня мелі сілы ісьці за ім, і якіх ён пакінуў каля патока Васор, і выйшлі яны насустрач Давіду і насустрач людзям, якія былі зь ім. І падышоў Давід да гэтых людзей і прывітаў іх.
  22. Тады ліхія і нягодныя зь людзей, якія хадзілі з Давідам, пачалі гаварыць: за тое, што яны не хадзілі з намі, не дамо ім са здабычы, якую мы адабралі: няхай кожны возьме толькі сваю жонку і дзяцей і йдзе.
  23. Але Давід сказаў, не рабеце так, братове мае, пасьля таго, як Гасподзь даў нам гэта і захаваў нас і перадаў у рукі нашыя полчышча, што прыходзіла супраць нас.
  24. І хто паслухаецца вас у гэтай справе? Якая частка тым, што хадзілі на вайну, такая частка павінна быць і тым, што заставаліся пры абозе: на ўсіх трэба падзяліць.
  25. Так было з гэтага часу і пасьля; і паставіў ён гэта ў закон і ў правіла Ізраілю да сёньня.
  26. І прыйшоў Давід у Сэкелаг і паслаў са здабычы старэйшынам Юдавым, сябрам сваім, кажучы: «вось вам дарунак са здабычы, узятай у ворагаў Гасподніх», —
  27. тым, якія ў Вэтылі і ў Раме паўднёвай і ў Ятыры,
  28. і ў Араіры і ў Шыфмоце, і ў Эстэмоа,
  29. і ў Рахале і ў гарадах Ерахмэельскіх і ў гарадах Кенэйскіх,
  30. і ў Хорме, і ў Харашане, і ў Атаху,
  31. і ў Хэўроне і ва ўсіх мясьцінах, дзе хадзіў Давід сам і людзі ягоныя.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/09/30/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.