1. Пераймайце мяне, як я Хрыста.
  2. Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё памятаеце, і наказаў трымаецеся так, як я наказаў вам.
  3. Хачу таксама, каб вы ведалі, што кожнаму мужу галава — Хрыстос, жонцы галава — муж, а Хрысту галава — Бог.
  4. Кожны мужчына, які моліцца альбо прарочыць з накрытаю галаваою, сарамаціць сваю галаву;
  5. і кожная жанчына, якая моліцца альбо прарочыць з адкрытаю галавою, сарамаціць галаву, бо гэта тое самае, як калі б яна была паголеная;
  6. бо, калі жанчына ня хоча накрывацца, дык няхай і стрыжэцца; а калі жанчыне сорам быць пастрыжанай ці паголенай, хай накрываецца.
  7. Дык вось, мужчына не павінен накрываць галаву, бо ён ёсьць падабенства і слава Божая; а жанчына ёсьць слава мужчыны.
  8. Бо ня мужчына ад жанчыны, а жанчына ад мужчыны;
  9. і ня мужчына створаны жанчыне, а жанчына мужчыне.
  10. Таму жанчына і павінна мець на галаве сваёй знак улады, дзеля анёлаў.
  11. Аднак, ні мужчына без жанчыны, ні жанчына бяз мужчыны, у Госпадзе.
  12. Бо, як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну; а ўсе — ад Бога.
  13. Памяркуйце самі, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу зь ненакрытай галавою?
  14. Ці не сама прырода вучыць вас, што калі мужчына запускае валасы, дык гэта ганьба яму,
  15. а калі жанчына запускае валасы, дык ёй гэта гонар, бо валасы дадзены ёй замест покрыва.
  16. А калі б хто захацеў спрачацца, дык мы ня маем такога звычаю, ні цэрквы Божыя.
  17. Але, наказваючы гэта, не хвалю вас, бо зьбіраецеся вы не на лепшае, а на горшае.
  18. Бо, па-першае, чую, што, калі вы сыходзіцеся царквою, паміж вамі бывае незлагадзь, у што я крыху і веру.
  19. Бо мусіць быць і разнадум'е паміж вамі, каб адкрыліся сярод вас дасьведчаныя.
  20. Далей, вы зьбіраецеся так, што гэта не азначае есьці вячэру Гасподнюю;
  21. бо кожны сьпяшаецца раней за другіх з'есьці сваю ежу, так што адзін бывае галодны, а іншы ўпіваецца.
  22. Хіба ў вас няма дамоў на тое, каб есьці і піць? Альбо пагарджаеце царквою Божаю і прыніжаеце бедных? Што сказаць вам? пахваліць вас за гэта? Не пахвалю.
  23. Бо я ад Самога Госпада прыняў тое, што і вам перадаў, што Гасподзь Ісус у тую ноч, у якую прададзены быў, узяў хлеб
  24. і, падзякаваўшы, разламаў і сказаў: «прымеце, ежце, гэта ёсьць Цела Маё, за вас ламанае; гэта рабеце ў памяць пра Мяне».
  25. Гэтак сама і чару пасьля вячэры, і сказаў: «гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві; гэта рабеце, калі толькі будзеце піць, у памяць пра Мяне».
  26. Бо кожнага разу, як вы ясьце хлеб гэты і п'яце чару гэтую, сьмерць Гасподнюю абвяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе.
  27. А таму, хто будзе есьці хлеб гэты альбо піць чару Гасподнюю нягожа, зьвінаваціцца супроць Цела і Крыві Гасподняй.
  28. Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек, і такім чынам хай есьць з хлеба гэтага і п'е з чары гэтай.
  29. Бо, хто есьць і п'е нягожа, той есьць і п'е асуду сабе, не разважаючы пра Цела Гасподняе.
  30. Ад таго многія з вас нядужыя і хворыя, і шмат хто памірае.
  31. Бо, калі б мы судзілі самі сябе, дык бы нас ня судзілі;
  32. а калі бываем суджаныя, дык караемся Госпадам, каб ня быць засуджанымі разам са сьветам.
  33. А таму, браты мае, зьбіраючыся на вячэру, адзін аднаго чакайце.
  34. А як хто галодны, хай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. Астатняе ўладжу, калі прыйду.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/53/11/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.