1. Слушнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрае справы жадае.
  2. А япіскап павінен быць беззаганны, адной жонкі муж, цьвярозы, цнатлівы, богабаязны, сумленны, гасьцінны да вандроўнікаў, здатны вучыць,
  3. ня п'яніца, не звадыяш, не сварлівец, не карысьлівец, а ціхі, згодалюбны, не срэбралюбец,
  4. павінен добра кіраваць домам сваім, дзяцей трымаць у паслушэнстве з усёй сумленнасьцю;
  5. бо хто ня ўмее кіраваць сваім домам, той ці ж будзе рупіцца пра Царкву Божую?
  6. не павінен быць з нованавернутых, каб не заганарыўся і не падупаў асудзе разам з д'яблам.
  7. Трэба яму таксама мець добрае сьведчаньне ад чужых, каб унікнуць нараканьняў і цянётаў д'ябальскіх.
  8. Дыяканы таксама павінны быць сумленныя, ня двухязыкія, непацяглівыя да віна, не карысьлівыя,
  9. павінны захоўваць таемнасьць веры ў чыстым сумленьні,
  10. і такіх трэба загадзя выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, дапускаць да служэньня.
  11. Гэтак сама і жонкі іхнія павінны быць сумленныя, не паклёпніцы, цьвярозыя, верныя ва ўсім.
  12. Дыякан павінен быць адной жонкі мужам, добра кіраваць дзецьмі і домам сваім;
  13. бо тыя, што служылі добра, рыхтуюць сабе найвышэйшую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.
  14. Гэта табе пішу, спадзяючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,
  15. каб, калі запазьнюся, ты ведаў, як трэба паводзіцца ў доме Божым, які ёсьць Царква Бога жывога, стоўп і аснова ісьціны.
  16. І, прызнана ўсімі — вялікая ёсьць пабожнасьці таямніца: Бог зьявіўся ў плоці, апраўдаў Сябе ў Духу, паказаў Сябе анёлам, прапаведаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнёсься ў славе.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/61/03/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.