1. Заўгодна было Дарыю паставіць над царствам сто дваццаць сатрапаў, каб яны былі ва ўсім царстве,
  2. а над імі трох князёў, — адзін зь якіх быў Данііл, — каб сатрапы давалі ім адказ, і каб цару ня было ніякага клопату.
  3. Данііл пераўзыходзіў астатніх князёў і сатрапаў, бо ў ім быў высокі дух, і цар задумваў ужо паставіць яго над усім царствам.
  4. Тады князі і сатрапы пачалі шукаць зачэпкі, каб абскаржыць Данііла ў кіраваньні царствам; але ніякай зачэпкі і пахібы знайсьці не маглі, бо ён быў верны, і някай пахібы альбо віны не аказвалася на ім.
  5. І гэтыя людзі сказалі: «не знайсьці нам зачэпкі супроць Данііла, калі мы ня знойдзем яе супроць яго ў законе ягонага Бога».
  6. Тады гэтыя князі і сатрапы падступіліся да цара і так сказалі яму: «цар Дарый, вавекі жыві!
  7. Усе князі царства, намесьнікі, сатрапы, дарадцы і ваеначальнікі згадзіліся паміж сабою, каб была зроблена царская пастанова і выдадзены загад, каб, хто трыццаць дзён будзе прасіць якога-небудзь іншага бога альбо чалавека, акрамя цябе, цару, таго кінуць у львіную яму.
  8. Дык вось, сьцьвердзі, цару, гэтую забарону і падпішы ўказ, каб ён быў нескасавальны, як закон Мідыйскі і Персідскі, і каб ён ня быў парушаны».
  9. Цар Дарый падпісаў указ і гэтую забарону.
  10. А Данііл, калі даведаўся, што падпісаны такі ўказ, пайшоў у свой дом; а вокны ў сьвяцёлцы ягонай былі адчынены супроць Ерусаліма, і ён тры разы на дзень схіляў калені і маліўся свайму Богу і славіў Яго, як ён рабіў гэта і да таго.
  11. Тады гэтыя людзі падсачылі і знайшлі Данііла, як ён маліўся і прасіў свайго Бога,
  12. потым прыйшлі і сказалі цару пра царскую забарону: «ці ня ты падпісаў указ, каб кожнага чалавека, які трыццаць дзён будзе прасіць якога-небудзь іншага бога альбо чалавека акрамя цябе, цару, у львоўнік?» Цар адказаў і сказаў: «гэта слова цьвёрдае, як закон Мідзянаў і Персаў, што ня можа быць зьменены».
  13. Тады адказвалі яны і сказалі цару, што «Данііл, які — з палонных сыноў Юдэі, не зважае ні на цябе, цару, ні на ўказ, табою падпісаны, а тры разы на дзень моліцца сваімі малітвамі».
  14. Цар, пачуўшы гэта, моцна засмуціўся і паклаў сабе на сэрца ўратаваць Данііла, і аж да захаду сонца вельмі намагаўся вызваліць яго.
  15. А тыя людзі падступіліся да цара і сказалі яму: «ведай, цару, што паводле закона Мідзянаў і Персаў ніякая забарона або пастанова, зацьверджаная царом, ня можа быць зьменена».
  16. Тады цар загадаў, і прывялі Данііла і ўкінулі ў львіную яму: пры гэтым цар сказаў Даніілу: «твой Бог, Якому ты заўсёды служыш, Ён выратуе цябе!»
  17. І прынесьлі камень і паклалі на атворыну ямы, і цар запячатаў яе сваім пярсьцёнкам і пярсьцёнкамі вяльможаў сваіх, каб нішто не перамянілася ў распарадзе пра Данііла.
  18. Пасьля цар пайшоў у свой палац, лёг спаць не вячэраўшы і нават не дазволіў уносіць яму ежу, і сон ня йшоў да яго.
  19. Раніцай цар устаў на сьвітаньні і пасьпешліва пайшоў да львоўніка
  20. і, падышоўшы да рова, жаласным голасам клікнуў Данііла, і сказаў цар Даніілу: «Данііле, рабе Бога жывога! Бог твой, Якому ты заўсёды служыш, ці мог цябе ўратаваць ад ільвоў?»
  21. Тады Данііл сказаў цару: «цару, вавекі жыві!
  22. Бог мой паслаў Свайго анёла і замкнуў пашчы львам, і яны не пашкодзілі мне, бо я быў перад Ім чысты, ды і перад табою, цару, я не зрабіў злачынства».
  23. Тады цар дужа ўзрадаваўся за яго і загадаў падняць Данііла зь ямы; і ніякай пашкоды ня знойдзена на ім, бо ён верыў у Бога свайго.
  24. І загадаў цар, і прывялі тых людзей, якія абскардзілі Данііла, і ўкінулі ў львоўнік, як іх самых, так і дзяцей іхніх і жонак іхніх; і не дасталі яны яшчэ да дна ямы, як ільвы пахапалі іх і патрушчылі ўсе іх косьці.
  25. Пасьля таго цар Дарый напісаў усім народам, плямёнам і родам, што жылі на ўсёй зямлі: «няхай мір вам памножыцца!
  26. Мною даецца загад, каб у кожнай мясьціне майго царства трымцелі і баяліся перад Богам Даніілавым, бо Ён ёсьць Бог Жывы і Вечнаісны, і царства Яго нязьнішчальнае, і валадарства Яго бясконцае.
  27. Ён выбаўляе і ратуе і ўчыняе цуды і азнакі на небе і на зямлі; Ён уратаваў Данііла ад ільвінае сілы».
  28. І Данііл меў посьпех і ў цараваньне Дарыя і ў цараваньне Кіра Персідскага.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/27/06/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.