1. На трыццаць шостым годзе валадараньня Асы пайшоў Вааса, цар Ізраільскі, на Юдэю і пачаў будаваць Раму; каб не дазволіць нікому ні сыходзіць ад Асы, цара Юдэйскага, ні прыходзіць да яго.
  2. І вынес Аса срэбра і золата са скарбніц дома Гасподняга і дома царскага і паслаў да Ванадада, цара Сірыйскага, які жыў у Дамаску, кажучы:
  3. хай будзе саюз паміж мною і табою, як быў паміж бацькам маім і бацькам тваім: вось я пасылаю табе срэбра і золата: ідзі парві спрымірэнства тваё з Ваасам, царом Ізраільскім; каб ён адступіўся ад мяне.
  4. І паслухаўся Ванадад цара Асы і паслаў ваеначальнікаў, якія былі ў яго, супроць гарадоў Ізраільскіх, і яны спустошылі Іён і Дан і Авэлмаім і ўсе запасы ў гарадах Нэфталімавых.
  5. І калі дачуўся пра гэта Вааса, дык перастаў будаваць Раму і спыніў працу сваю.
  6. А Аса цар сабраў усіх Юдэяў, і яны вывезьлі з Рамы камяні і дрэва, якое ўжываў Вааса на будаўніцтве, — і пабудаваў зь іх Гэву і Міцфу.
  7. У той час прыйшоў Ананій празорлівец да Асы, цара Юдэйскага, і сказаў яму: як што ты паспадзяваўся на цара Сірыйскага і не спадзяваўся на Госпада Бога твайго, таму і ўратавалася войска цара Сірыйскага ад рукі тваёй.
  8. І ці ня былі Эфіопы і Лівійцы зь сілаю большаю і з калясьніцамі і коньнікамі вельмі шматлікімі? Але як ты спадзяваўся на Госпада, дык Ён аддаў іх у рукі твае,
  9. бо вочы Госпада азіраюць усю зямлю, каб падтрымаць тых, чыё сэрца цалкам аддадзена Яму. Безразважліва ты ўчыніў цяпер. За тое ад сёньня будуць у цябе войны.
  10. І разгневаўся Аса на празорліўца і ўвязьніў яго ў цямніцу, бо праз гэта быў раздражнёны на яго; уціскаў Аса і некаторых з народу ў той час.
  11. І вось дзеі Асы, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.
  12. І зрабіўся Аса хворы нагамі на трыццаць дзявятым годзе валадараньня свайго, і хвароба ягоная паднялася да верхніх частак цела; але ён у хваробе сваёй шукаў ня Госпада, а лекараў.
  13. І спачыў Аса з бацькамі сваімі і памёр на сорак першым годзе валадараньня свайго.
  14. І пахавалі яго ў магільніцы, якую ён уладзіў сабе ў горадзе Давідавым; і паклалі яго на ложы, якое напоўнілі пахошчамі і рознымі штучнымі масьцямі і спалілі іх для яго вялікае мноства.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/14/16/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.