Другая Летапісаў, разьдзел 10
- І пайшоў Раваам у Сіхем, бо ў Сіхем сышліся ўсе Ізраільцяне, каб паставіць яго царом.
- Калі дачуўся пра гэта Ераваам, сын Наватаў, — ён быў у Егіпце, куды ўцёк ад цара Саламона, — дык вярнуўся Ераваам зь Егіпта.
- І паслалі і клікалі яго; і прыйшоў Ераваам і ўвесь Ізраіль, і казалі Еравааму так:
- бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо; але ты паслабі жорсткую працу бацькі твайго і цяжкае ярмо, якое ён наклаў на нас, і мы будзем служыць табе.
- І сказаў ім Раваам; праз тры дні прыйдзеце зноў да мяне. І разышоўся народ.
- І раіўся цар Раваам са старэйшынамі, якія стаялі перад тварам Саламона, бацькі ягонага, пры жыцьці ягоным, і казаў: як вы параіце адказваць народу гэтаму?
- Яны сказалі яму: калі ты будзеш добры да народу гэтага і дагодзіш ім і будзеш гаварыць зь імі ласкава, дык яны будуць табе рабамі на ўсе дні.
- Але ён адкінуў параду старэйшын, якую яны давалі яму, і пачаў раіцца зь людзьмі маладымі, якія вырасьлі разам зь ім, якія стаялі перад тварам ягоным;
- і сказаў ім: што вы параіце мне адказваць народу гэтаму, які казаў мне так: паслабі ярмо, якое наклаў на нас бацька твой?
- І казалі яму маладыя людзі, якія вырасьлі разам зь ім, і сказалі: бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нам, — так скажы ім: мезенец мой таўсьцейшы за сьцёгны бацькі майго.
- Бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я павялічу ярмо вашае, бацька мой караў вас бізунамі, а я буду скарпіёнамі.
- І прыйшоў Ераваам і ўвесь народ да Раваама на трэці дзень, як загадаў цар, сказаўшы: прыйдзеце да мяне зноў праз тры дні.
- Тады цар адказваў ім сурова, бо пакінуў цар Раваам параду старэйшын, і казаў ім па парадзе маладых людзей так:
- бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а Я павялічу яго; бацька мой караў вас бізунамі, а я буду скарпіёнамі.
- І не паслухаўся цар народу, бо так уладжана было ад Бога, каб спраўдзіць Госпаду слова Сваё, якое прамовіў ён праз Ахію Сіламляніна Еравааму, сыну Наватаваму.
- Калі ўвесь Ізраіль убачыў, што ня слухае яго цар, дык адказваў народ цару, кажучы: якая нам доля ў Давідзе? няма нам долі ў сыне Есэевым; па намётах сваіх, Ізраіль, цяпер ведай свой дом, Давідзе. І разышліся ўсе Ізраільцяне па намётах сваіх.
- Толькі над сынамі Ізраілевымі, якія жылі ў гарадах Юдавых, застаўся царом Раваам.
- І паслаў цар Раваам Аданірама, начальніка над зборам даніны, і закідалі яго сыны Ізраілевыя камянямі, і ён памёр. А цар Раваам пасьпяшаўся сесьці на калясьніцу, каб уцячы ў Ерусалім.
- Так адасобіліся Ізраільцяне ад дома Давідавага да сёньня.
|
Выбор перевода и языка
|