1. Філістымляне ваявалі зь Ізраілем, і пабеглі Ізраільцяне ад Філістымлянаў, і падалі пабітыя на гары Гелвуе.
  2. І пагналіся Філістымляне за Саўлам і сынамі ягонымі, і забілі Філістымляне Ёнатана і Авінадава і Мэлхісуя, сыноў Саўлавых.
  3. Бітва супроць Саўла ўзмацнілася, і стралкі памкнуліся на яго, так што ён паранены быў стралкамі.
  4. І сказаў Саўл збраяносцу свайму: агалі меч твой і закалі мяне ім, каб ня прыйшлі гэтыя неабрэзаныя, і не паглуміліся зь мяне. Але збраяносец не рашыўся, бо вельмі спалохаўся. Тады Саўл узяў меч і ўпаў на яго.
  5. Збраяносец ягоны, убачыўшы, што Саўл памёр, і сам упаў на меч і памёр.
  6. І памёр Саўл, і тры сыны ягоныя, і ўвесь дом ягоны разам зь ім памёр.
  7. Калі ўбачылі Ізраільцяне, якія былі ў даліне, што ўсе бягуць і што Саўл і сыны ягоныя памерлі, дык пакінулі гарады свае і разьбегліся; а Філістымляне прыйшлі і пасяліліся ў іх.
  8. На другі дзень прыйшлі Філістымляне абіраць забітых, і знайшлі Саўла і сыноў ягоных забітых на гары Гэлвуйскай,
  9. і распранулі яго, і зьнялі зь яго галаву ягоную і зброю ягоную, і паслалі па зямлі Філістымскай, каб абвясьціць пра гэта перад ідаламі іхнімі і перад народам.
  10. І паклалі зброю ягоную ў капішча багоў сваіх, і галаву ягоную ўваткнулі ў доме Дагона.
  11. І пачуў увесь Явіс Галаадскі ўсё, што зрабілі Філістымляне з Саўлам.
  12. І падняліся ўсе людзі дужыя, узялі цела Саўлава і целы сыноў ягоных, і прынесьлі іх у Явіс, і пахавалі косьці іхнія пад дубам у Явісе, і пасьціліся сем дзён.
  13. Так памёр Саўл за сваё беззаконьне, якое ён учыніў перад Госпадам, за тое, што ня трымаўся слова Гасподняга і зьвярнуўся да чарадзейкі з пытаньнем,
  14. а ня спытаўся ў Госпада. За тое Ён і аддаў яго сьмерці, і перадаў царства Давіду, сыну Есэеваму.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/13/10/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.