1. Бо вось, у тыя дні і ў той самы час, як Я вярну палон Юды і Ерусаліма,
  2. Я зьбяру ўсе народы і прывяду іх у даліну Ёсафата і там учыню над імі суд за народ Мой і за спадчыну Маю, Ізраіля, якую яны расьсеялі паміж народамі, і зямлю Маю падзялілі.
  3. І на народ Мой яны кідалі жэрабя і аддавалі падлетка за блудадзейку, і прадавалі дзяўчынку за віно і пілі.
  4. Што вы Мне, Тыр і Сідон і ўсе навакольлі Філістымскія? Ці хочаце заплаціць Мне помстай? ці хочаце адплаціць мне? лёгка і хутка Я абярну помсту вашую на галовы вашыя,
  5. бо вы ўзялі срэбра Маё і золата Маё, і найлепшыя каштоўнасьці Мае ўнесьлі ў капішчы вашыя,
  6. і сыноў Юды і сыноў Ерусаліма прадавалі сынам Элінаў, каб аддаліць іх ад межаў іхніх.
  7. Вось, я падыму іх з таго месца, куды вы прадалі іх, і абярну адплату вашу на галаву вашу.
  8. І аддам сыноў вашых і дачок вашых у рукі сыноў Юды, і яны прададуць іх Савэям, народу аддаленаму; так сказаў Гасподзь.
  9. Абвясьцеце пра гэта паміж народамі, падрыхтуйцеся да вайны, разбудзеце адважных; хай выступяць, падымуцца ўсе ваяры.
  10. Перакуйце аралы вашыя на мечы і сярпы вашыя — на дзіды; слабы хай гаворыць: я дужы.
  11. Сьпяшайцеся і сыходзьцеся; туды, Госпадзе, вядзі Тваіх герояў.
  12. Хай падымуцца народы і сыдуць у даліну Ёсафата; бо там Я сяду, каб судзіць усе народы адусюль.
  13. Пусьцеце ў ход сярпы, бо жніва пасьпела; ідзеце, спусьцецеся, бо чавільня поўная і падчавільнік пераліваецца, бо злосьць іх вялікая.
  14. Тлумы, тлумы ў даліне суду! бо блізкі день Гасподні да даліны суду!
  15. Сонца і месяц памеркнуць, і зоркі страцяць бляск свой.
  16. І загрыміць Гасподзь зь Сіёна і дасьць голас Свой зь Ерусаліма; здрыгануцца неба і зямля; але Гасподзь будзе абаронаю народу Свайму і абаронаю сынам Ізраілевым.
  17. Тады ўведаеце, што Я — Гасподзь Бог ваш, Які жыве на Сіёне, на сьвятой гары Маёй; і будзе Ерусалім сьвятыняю, і ня будуць ужо іншапляменцы праходзіць празь яго.
  18. І будуць у той дзень: горы будуць капаць віном і пагоркі пацякуць малаком і ўсе рэчышчы Юдэйскія напоўняцца вадою, а з дома Гасподняга выйдзе крыніца і будзе напойваць даліну Сітым.
  19. Егіпет зробіцца пустыняю, і Эдом будзе пустым стэпам — за тое, што яны ўціскалі сыноў Юдавых і пралівалі невінаватую кроў у зямлі іхняй.
  20. А Юда будзе жыць вечна і Ерусалім — у роды родаў.
  21. Я змыю кроў іх, якую ня змыў яшчэ, і Гасподзь будзе жыць на Сіёне.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/29/03/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.