1. І было мне слова Гасподняе:
  2. сыне чалавечы! былі дзьве жанчыны, дочкі адной маці,
  3. і блудадзеялі яны ў Егіпце, блудадзеялі ў сваёй маладосьці; там памятыя грудзі іхнія, і там разбэсьцілі дзявоцкія смочкі іхнія.
  4. Імёны іх: вялікай — Агола, а сястры яе — Агаліва. І былі яны Мае, і нараджалі сыноў і дочак; і называліся — Агола Самарыяй, а Агаліна Ерусалімам.
  5. і пачала Агола блудадзеяць ад Мяне і прынадзілася да сваіх каханкаў, да Асірыянаў, і да суседзяў сваіх,
  6. да тых, што апраналіся ў адзеньне яхантавага колеру, да начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, да ўсіх прыгожых хлопцаў, вершнікаў, што езьдзілі на конях;
  7. і шчодрылася ў блудадзействах сваіх з усімі адборнымі з сыноў Асура і апаганьвала сябе ўсімі ідаламі тых, да каго ні прынаджвалася;
  8. не пераставала блудадзейнічаць і зь Егіпцянамі, бо яны зь ёю спалі ў маладосьці яе і разбэшчвалі дзявоцкія смочкі яе, і вылівалі на яе пажаду сваю.
  9. За тое Я і аддаў яе ў рукі каханкаў яе, у рукі сыноў Асура, да якіх яна прынадзілася.
  10. Яны адкрылі галізну яе і дочак яе, а яе забілі мечам. І яна зрабілася ганьбаю сярод жанчын, калі ўчынілі над ёю сьмяротную кару.
  11. Сястра яе, Агаліва, бачыла гэта, і яшчэ больш распусная была ў каханьні сваім, і блуд яе пераўзышоў блуд сястры яе.
  12. Яна прынадзілася да сыноў Асуравых, да начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, суседзяў яе, раскошна апранутых, да вершнікаў, што езьдзяць на конях, да ўсіх адборных хлопцаў.
  13. І Я бачыў, што яна апаганіла сябе, і што ў абедзьвюх іх — адна дарога.
  14. Але гэтая яшчэ больш прымножыла блудадзействы свае, бо, убачыўшы выразаных на сьцяне мужчын, фарбамі намаляваныя выявы Халдэяў,
  15. перапаясаных па паясьніцах сваіх поясам, з раскошнымі на галаве іх павязкамі, з выгляду ваенных правадыроў, падобных на сыноў Вавілона, чыя радзіма — зямля Халдэйская,
  16. яна закахалася ў іх з аднаго зірку вачэй і паслала да іх у Халдэю пасланцоў.
  17. І прыйшлі да яе сыны Вавілона на любоўны ложак і апаганілі яе блудадзействам сваім, і яна апаганіла сябе імі; і адвярнулася ад іх душа яе.
  18. Калі ж яна яўна аддалася блудадзействам сваім і адкрыла галізну сваю, тады і ад яе адвярнулася душа Мая, як адвярнулася душа Мая ад сястры яе.
  19. І яна памножыла блудадзействы свае, успамінаючы дні маладосьці сваёй, калі блудадзеяла ў зямлі Егіпецкай.
  20. і прынадзілася да каханкаў сваіх, у якіх плоць — плоць асьліная, і пажада, як у жарабцоў.
  21. Так ты ўспомніла распусту маладосьці тваёй, калі Егіпцяне ціскалі смочкі твае за дзявоцкасьць грудзей тваіх.
  22. Таму, Агаліва, так кажа Гасподзь Бог: вось, Я абуджу супроць цябе каханкаў тваіх, ад якіх адвярнулася душа твая, і прывяду іх супроць цябе з усіх бакоў:
  23. сыноў Вавілона і ўсіх Халдэяў, з Пэхода, з Шоа і Коа, і зь імі ўсіх сыноў Асура, прыгожых хлопцаў, начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, санавітых і знакамітых, усіх умельскіх вершнікаў.
  24. І прыйдуць на цябе са зброяю, з конямі і калясьніцамі і з мноствам люду і абступяць цябе вакол у латах, са шчытамі і ў шаломах, і аддам ім цябе на суд, і будуць судзіць цябе сваім судом.
  25. І абярну рупнасьць Маю супроць цябе, і абыдуцца з табою люта: адрэжуць табе нос і вушы, а астатняе тваё ад меча адпадзе; возьмуць сыноў тваіх і дочак тваіх, а астатняе тваё агнём будзе зжэрта;
  26. і здымуць зь цябе вопратку тваю, возьмуць строі твае.
  27. І пакладу канец распусьце тваёй і блуду твайму, прынесенаму зь зямлі Егіпецкай, і ня будзеш зьвяртаць да іх вачэй тваіх, і пра Егіпет ужо ня ўспомніш.
  28. Бо так кажа Гасподзь Бог: вось, Я аддаю цябе ў рукі тым, якіх ты ўзьненавідзела, у рукі тым, ад якіх адвярнулася душа твая.
  29. І ўчыняць з сабою жорстка, і возьмуць у цябе ўсё, нажытае працаю, і пакінуць цябе голую і ненакрытую, і адкрытая будзе сараматная галізна твая і распуста твая і блудадзейства тваё.
  30. Гэта будзе зроблена з табою за блудадзейства тваё з народамі, ідаламі якіх ты апаганіла сябе.
  31. Ты хадзіла дарогаю сястры тваёй; затое і дам у руку табе чашу яе.
  32. Так кажа Гаспаодзь Бог; ты будзеш піць чашу сястрынскую глыбокую і шырокую і падпадзеш пад асьмяяньне і ганьбу, па вялізарнай умяшчальнасьці яе.
  33. Ап'яненьня і гаркоты будзеш поўная: чара жудасьці і спусташэньня — чара сястры тваёй, Самарыі!
  34. І вып'еш яе і спарожніш, і чарапкі яе абліжаш, і грудзі твае стурзаеш: бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.
  35. Таму так кажа Гасподзь Бог: як што ты забыла Мяне і адвярнулася ад Мяне, дык і цярпі за беззаконьне тваё і за блудадзейства тваё.
  36. І сказаў мне Гасподзь: сыне чалавечы! ці хочаш ты судзіць Аголу і Агаліву? выкажы ім мярзоты іхнія;
  37. бо яны пералюбнічалі, і сыноў сваіх, якіх нарадзілі Мне, праз агонь праводзілі, як ежу ім.
  38. Яшчэ вось, што яны рабілі Мне: апаганьвалі сьвятыню Маю ў той самы дзень, і парушалі суботы Мае;
  39. бо, калі яны калолі дзяцей сваіх дзеля ідалаў сваіх, таго ж самага дня прыходзілі ў сьвятыню Маю, каб апаганьваць яе: вось, як рабілі яны ў доме Маім!
  40. Акрамя гэтага пасылалі па людзей, што прыходзілі здалёк; да іх адпраўлялі пасланцоў, і вось, яны прыходзілі, і дзеля іх умывалася, сурміла вочы твае і ўпрыгожвалася акрасамі,
  41. і садзілася на цудоўны ложак, перад якім накрывалі стол, і на якім прапаноўвала ты духмяныя пахошчы Мае і алей Мой.
  42. І чуўся голас народу, які радаваўся ў яе, і да людзей з натоўпу народнага ўводзілі п'яніц з пустыні; і яны клалі на рукі іх бранзалеткі і на галовы іх прыгожыя вянкі.
  43. Тады сказаў Я пра зьлядашчаную ў пералюбстве: цяпер канчаюцца блудадзействы яе разам зь ёю.
  44. Але прыходзілі да яе: як прыходзяць да жанчыны-блудадзейкі, так прыходзілі да Аголы і Агалівы, да распусных жанчын.
  45. А мужы праведныя будуць судзіць іх; яны будуць судзіць іх судом пералюбніц і судом тых, хто пралівае кроў, бо яны пералюбніцы, і ў іх кроў на руках.
  46. Бо так сказаў Гасподзь Бог: склікаць на іх сход і аддаць іх азлабеньню і рабунку.
  47. І сход паб'е іх камянямі і парубае іх мечамі сваімі, і заб'е сыноў іх і дочак іх і дамы іхнія спаліць агнём.
  48. Так пакладу канец распусьце на гэтай зямлі, і ўсе жанчыны мецьмуць навуку і ня будуць рабіць сараматных учынкаў падобна вам;
  49. і ўскладуць на вас вашу распусту, і панесяце кару за грахі зь ідаламі вашымі, і ўведаеце, што Я — Гасподзь Бог.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/26/23/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.