1. Не зважай на пустыя чуткі, не давай рукі тваёй бязбожніку, каб ня быць сьведкам няпраўды.
  2. Ня йдзі за большасьцю на благое і не вырашай цяжбіны, адступаючы з большасьцю ад праўды;
  3. і беднаму не патурай у цяжбіне ягонай.
  4. Калі знойдзеш вала ворага твайго, альбо асла ягонага, які заблудзіўся, прывядзі яго да яго;
  5. калі ўбачыш асла ворага твайго, што ўпаў пад ношкаю сваёю, дык не пакідай яго: разгрузі яго і заставайся разам зь ім.
  6. Ня судзі навыварат цяжбіны беднага твайго.
  7. Адыходзь далей ад няпраўды і не забівай невінаватага і справядлівага, бо я не апраўдаю благога.
  8. Дарункаў ня прымай, бо дарункі сьляпымі робяць відушчых і перакручваюць словы справядлівых.
  9. Прыхадня ня крыўдзі: вы ведаеце душу прыхадня, бо самыя былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай.
  10. Шэсьць гадоў засявай зямлю тваю і зьбірай плён яе,
  11. а ў сёмы пакідай яе ў спакоі, каб карміліся гаротныя з народу твайго, а рэштаю пасьля іх карміліся зьвяры польныя; гэтак сама рабі зь вінаграднікам тваім і з аліўнікам тваім.
  12. Шэсьць дзён рабі справы твае, а ў сёмы дзень супакойся, каб адпачыў вол твой і асёл твой, і супакоіўся сын рабыні тваёй і прыхадзень.
  13. Шануйце ўсё, што Я сказаў вам, і імя іншых багоў не спамінайце; хай ня чуецца яно з вуснаў тваіх.
  14. Тры разы на год сьвяткуй Мне:
  15. сьвяткуй сьвята праснакоў: сем дзён еж прэсны хлеб, як Я загадаў табе, у прызначаны час месяца Авіва, бо ў той час ты выйшаў зь Егіпта; і хай не зьяўляюцца прад аблічча Маё з пустымі рукамі;
  16. сьвяткуй і сьвята жніва першых пладоў працы тваёй, якія ты сеяў на полі, і сьвята збору пладоў у канцы года, калі зьбярэш з поля працу тваю.
  17. Тры разы на год павінен зьяўляцца ўвесь мужчынскі пол твой перад аблічча Ўладыкі, Госпада.
  18. Не вылівай крыві ахвяры Маёй на квашанае, і тлушч ад сьвяточнай ахвяры Маёй не павінен заставацца да раніцы.
  19. Пачаткі пладоў зямлі тваёй прынось у дом Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай.
  20. Вось, я пасылаю перад табою анёла ахоўваць цябе на дарозе і ўвесьці цябе ў тую мясьціну, якую Я падрыхтаваў;
  21. пільнуй сябе перад абліччам ягоным, і слухай голасу ягонага; не паўставай супроць яго, бо ён не даруе грэху вашага, бо імя Маё ў ім.
  22. Калі ты будзеш слухацца голасу ягонага і выконваць усё, што скажу, дык буду ворагам ворагаў тваіх і супраціўцам супраціўцаў тваіх.
  23. Калі пойдзе перад табою анёл Мой і павядзе цябе да Амарэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Хананэяў, Эвэяў і Евусэяў, і зьнішчу іх,
  24. дык не пакланяйся багам іхнім, і ня служы ім, і не пераймайся дзеямі іхнімі, скрышы іх і разбуры помнікі іхнія:
  25. служэце Госпаду, Богу вашаму, і ён дабраславіць хлеб твой і ваду тваю; і ўхілю ад вас хваробы.
  26. Ня будзе ў зямлі тваёй такіх, што без пары родзяць, і няплодных; лік дзён тваіх зраблю поўным.
  27. Жудасьць Маю пашлю перад табою, і зьбянтэжу кожны народ, да якога ты прыйдзеш і буду адварочваць ад цябе ўсіх ворагаў тваіх;
  28. пашлю перад табою шаршнёў, і яны пагоняць ад твару твайго Эвэяў, Хананэяў і Хэтэяў;
  29. не праганю іх ад твару твайго за адзін год, каб зямля не зрабілася пустая і не памножыліся супроць цябе зьвяры польныя:
  30. спакваля буду праганяць іх ад цябе, пакуль не памножышся і ня возьмеш у валоданьне зямлі гэтай.
  31. Правяду межы твае ад мора Чэрмнага да мора Філістымскага і ад пустыні да ракі, бо перадам у рукі вашыя жыхароў гэтай зямлі, і прагоніш іх ад твару твайго;
  32. не рабі ўмовы ні зь імі, ні з багамі іхнімі;
  33. не павінны яны жыць у зямлі тваёй, каб яны не ўвялі цябе ў грэх супроць Мяне; бо калі ты будзеш служыць багам іхнім, дык гэта будзе табе сеткаю.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/02/23/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.