1. І адказваў Эліфаз Тэманіцянін і сказаў:
  2. ці будзе мудры адказваць веданьнем пустым і напаўняць чэрава сваё ветрам палючым,
  3. апраўдвацца словамі бескарыснымі і моваю, якая ня мае ніякай сілы?
  4. Але ты адклаў і страх і за міласьць лічыш словы да Бога.
  5. Бязбожнасьць твая так наладзіла вусны твае, і ты выбраў мову падступных.
  6. Цябе вінавацяць вусны твае, а ня я, і твой язык гаворыць супроць цябе.
  7. Хіба ж ты першым чалавекам нарадзіўся і раней за пагоркі створаны?
  8. Хіба ж раду Божую ты чуў і прыхінуў да сябе мудрасьць?
  9. Што ведаеш ты, чаго б ня ведалі мы? што разумееш ты, чаго ня было б у нас?
  10. І сівы і старац ёсьць сярод нас, які днямі перабольшае бацьку твайго.
  11. Хіба маласьць табе суцяшэньні Божыя? І гэта невядома табе?
  12. Да чаго парывае цябе сэрца тваё, і дзеля чаго так ганарыста глядзіш?
  13. Чаго скіроўваеш супроць Бога дух твой і вуснамі тваімі прамаўляеш такія словы?
  14. Што такое чалавек, каб быў ён чысты, і каб народжаны жанчынай быў праведны?
  15. Вось, Ён і сьвятым Сваім не давярае, і нябёсы нячыстыя ў вачах у Яго:
  16. тым болей нячысты і разбэшчаны чалавек, які п'е беззаконьне, як ваду.
  17. Я буду гаварыць табе, слухай мяне; я раскажу табе, што бачыў,
  18. што чулі мудрыя і ня ўтоілі чутага ад бацькоў сваіх,
  19. якім адным аддадзена была зямля, і сярод якіх чужы не хадзіў.
  20. Бязбожны мучыць сябе праз усе дні свае, і лік гадоў заслонены ад прыгнятальніка:
  21. гук жахаў у вушах ягоных; сярод міру ідзе на яго згубнік,
  22. Ён не спадзяецца выратавацца ад цемры: бачыць перад сабою меч.
  23. Ён бадзяецца за кавалак хлеба ўсюды; ведае, што ўжо гатовы, у руках у яго дзень цемры.
  24. Палохае яго нэндза і ўціск; адольвае яго, як цар, які падрыхтаваўся да бітвы,
  25. за тое, што ён працягваў супроць Бога руку сваю і супрацівіўся ‹сеўладнаму,
  26. памыкаўся супроць яго з ганарыстым каркам, пад тоўстымі шчытамі сваімі;
  27. бо ён пакрыў аблічча сваё тлушчам сваім і абклаў салам сьцёгны свае.
  28. І ён селіцца ў гарадах спустошаных, у дамах, у якіх ня жывуць, якія асуджаны на руйнаваньне.
  29. Не задоўжыцца ён у багацьці і не ацалее маёмасьць ягоная, і не распаўсюдзіцца па зямлі набытак ягоны.
  30. Не ўцячэ ад цемры; парасткі ягоныя ссушыць полымя і павевам вуснаў сваіх пацягне яго.
  31. Хай не давярае марнасьці аблудны, бо марнасьць будзе і платай яму.
  32. Ня ў свой дзень ён сканае, і гольле ягонае ня будзе зелянець.
  33. Скіне ён, як вінаградная лаза, недасьпелую ягаду сваю і, як масьліна, атрасе цьвет свой.
  34. Так апусьцее дом бязбожнага, і агонь зжарэ намёты ліхаемства.
  35. Ён зачаў ліхое і нарадзіў няпраўду, і нутроба ягоная рыхтуе падман.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/18/15/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.