Ёв, разьдзел 3
- Пасьля таго разамкнуў Ёў вусны свае і пракляў дзень свой.
- І пачаў Ёў і сказаў:
- хай загіне дзень, калі я нарадзіўся, і ноч, калі было сказана: зачаўся чалавек!
- Дзень той хай будзе цемраю; хай не дагледзіць яго Бог згары, і хай не зазьзяе над ім сьвятло!
- Хай запамрочыць яго цемра і цень сьмяротны, хай завалачэ яго хмара, хай баяцца яго, як палючае спёкі!
- Ноч тая, — хай забярэ яе змрок, хай не залічыцца яна ў дні года, хай ня ўвойдзе ў лік месяцаў!
- О! ноч тая — хай будзе яна бязьлюдная; хай ня ўвойдзе ў яе весялосьць!
- Хай праклянуць яе кляцьбіты дня, здольныя разбудзіць Левіяфана!
- Хай зацьмяцца зоркі сьвітаньня яе: хай чакае яна сьвятла, і яно ня прыходзіць, і хай ня ўбачыць яна веяў дзяньніц
- за тое, што не замкнула дзьвярэй улоньня маці маёй і не схавала гароты ад вачэй маіх!
- Чаму не памёр я, выходзячы з нутробы, і не сканаў, калі выйшаў з чэрава?
- Чаму прынялі мяне калені? навошта было мне смактаць саскі?
- Цяпер ляжаў бы я і спачываў: спаў бы, і было б мне спакойна
- з царамі і дарадцамі зямлі, якія забудоўвалі сабе пустыні,
- ці з князямі, у якіх было золата і якія напаўнялі дамы свае срэбрам;
- ці, як выкідзень пахаваны, не існаваў бы я, як немаўляты, якія сьвятла не пабачылі.
- Там беззаконныя перастаюць наводзіць страх, і там адпачываюць зьнясіленыя.
- Там вязьні цешацца спакоем і ня чуюць крыкаў наглядчыка.
- Малы і вялікі там роўныя, і раб свабодны ад гаспадара свайго.
- Навошта дадзена пакутніку сьвятло і жыцьцё засмучаным душою,
- якія чакаюць сьмерці, і няма яе, якія выкапалі б яе ахвотней, чым скарб.
- Узрадаваліся б да захапленьня, захапіліся б, што знайшлі магілу?
- Навошта дадзена сьвятло чалавеку, шлях якога зачынены і якога Бог атачыў змрокам?
- Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і стогны мае ліюцца, як вада,
- бо жудаснае, чаго я жахаўся, тое і напаткала мяне; і чаго я баяўся, тое і прыйшло да мяне.
- Няма мне міру, няма спакою, няма радасьці: спасьцігла няшчасьце.
|
Выбор перевода и языка
|