Псалтыр, псальма 18
 
- Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда, калі ён прамовіў ад Госпада словы гэтай песьні ў той дзень, як Гасподзь вызваліў яго з рук усіх ягоных ворагаў і з рукі Саўлавай. І ён сказаў:
 - палюблю Цябе, Госпадзе, моц мая!
 - Гасподзь мой прытулак і цьвярдыня мая, мой Бог — скала мая; на Яго я спадзяюся, шчыт мой, рог ратунку майго і прытулак мой.
 - Паклічу Госпада, годнага пакланеньня, і ад ворагаў маіх уратуюся.
 - Агарнулі мяне пакуты сьмяротныя, і патокі бяспраўя напалохалі мяне;
 - ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.
 - У цеснаце маёй паклікаў я Госпада, і да Госпада майго зьвярнуўся. І пачуў Ён зь сьвятых харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Ягонага.
 - Затрэслася і захісталася зямля; уздрыгнулі і зрушыліся асновы гор; бо ўгневаўся Бог;
 - падняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных вагонь пажыральны; гарачае вугольле сыпалася зь Яго.
 - Нахіліў Ён нябёсы і сышоў, і змрок — пад нагамі ў Яго.
 - І сеў на херувімаў і паляцеў, і памчаўся на крылах ветру.
 - І зрабіў сваёю заслонаю змрок, і ценем вакол Сябе змрок водаў, хмараў нябесных.
 - Ад бляску, што прад Ім, уцякалі аблокі Ягоныя, град і вугольле вогненнае.
 - І загрымеў у нябёсах Гасподзь, і падаў Усявышні Свой голас, град і вогненнае вугольле.
 - Пусьціў стрэлы Свае, і расьсеяў іх, мноства маланак, і рассыпаў іх.
 - І сталіся крыніцы водаў, і адчыніліся асновы сусьвету ад грознага голасу Твайго, Госпадзе, ад подыху гнеўнага духу Твайго.
 - Ён працягнуў з вышыні Сваю руку і ўзяў мяне, і дастаў мяне з многіх водаў,
 - уратаваў мяне ад ворага майго дужага і ад ненавісьнікаў маіх, якія былі дужэйшыя за мяне.
 - Яны паўсталі на мяне ў дзень няшчасьця майго, але Гасподзь быў мне апораю.
 - Ён вывеў мяне на шырокае месца і вызваліў мяне; бо ўпадабаў мяне.
 - Даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне;
 - бо я трымаўся дарог Гасподніх і ня быў бязбожны прад Богам маім;
 - бо ўсе наказы Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не адступаўся.
 - Я быў прад Ім беззаганны і асьцерагаўся, каб не зграшыць,
 - і даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх прад вачыма Ягонымі.
 - Зь літасьцівым Ты літасьцівы, з чалавекам шчырым — шчыры,
 - з чыстым — чысты, а з хітрым — паводле хітрыны ягонай.
 - Бо Ты людзей прыгнечаных цешыш, а вочы пагардлівыя прыніжаеш.
 - Ты запальваеш сьветач мой, Госпадзе; Бог мой прасьвятляе цемру маю.
 - З табою я пабіваю войска, з Богам маім узыходжу на мур.
 - Бог! — Беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова ў Госпада; Ён шчыт усім, хто на Яго спадзяецца.
 - Бо хто Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага?
 - Бог апаясвае мяне сілаю і пракладае мне правільны шлях,
 - робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях маіх становіць мяне;
 - вучыць рукі мае змагацца, і мышцы мае ламаюць лук медны.
 - Ты даў мне шчыт ратунку Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.
 - Ты пашыраеш крок мой пада мною, і ня хістаюцца ногі мае.
 - Я перасьледую ворагаў маіх і даганяю іх, і не вяртаюся, пакуль ня вынішчу іх;
 - пабіваю іх, і ня могуць яны падняцца; пападаюць пад ногі мае,
 - бо Ты аперазаў мяне сілаю для вайны і кінуў пад ногі мне тых, што на мяне паўсталі;
 - ты павярнуў да мяне тылам ворагаў маіх; і я зьнішчаю тых, што ненавідзяць мяне:
 - яны лямантуюць, ды няма каму іх ратаваць; да Госпада — але Ён ня слухае іх;
 - я расьсейваю іх, як пыл перад абліччам ветру, як вулічны бруд тапчу іх.
 - Ты збавіў мяне ад бунту народу, паставіў мяне галавою іншапляменцаў; народ, якога я ня ведаў, служыць мне;
 - па адной чутцы пра мяне скараюцца мне; чужынцы лісьлівяцца перада мною.
 - Іншапляменцы бялеюць і трымцяць ва ўмацаваньнях сваіх.
 - Жывы Гасподзь, і дабраславёны мой абаронца! Хай будзе ўслаўлены Бог ратунку майго.
 - Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы,
 - і вызваляе мяне ад ворагаў маіх! Ты ўзьнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне, і ад чалавека жорсткага мяне выбавіў.
 - За гэта праслаўлю Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму;
 - таму, хто велічна ратуе цара і творыць міласьць памазанцу Твайму Давіду і роду Ягонаму навечна.
  
 
 
 | 
 Выбор перевода и языка
  
 |