Псалтыр, псальма 68
 
- Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Песьня.
 - Няхай паўстане Бог — і расьсеюцца ворагі Ягоныя, і хай ад аблічча Ягонага ўцякуць Яго ненавісьнікі!
 - Як дым разьвейваецца, так іх разьвей; як топіцца воск ад вагню, так бязбожнікі прад абліччам Божым хай загінуць!
 - А праведнікі хай узрадуюцца і ўсьцешацца прад Богам, і ўзьвесяляцца ў радасьці.
 - Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце імю Ягонаму, праслаўляйце Таго, Хто па нябёсах ідзе; Гасподзь імя Яму, — і прад абліччам Ягоным радуйцеся.
 - Сіротам Бацька і ўдовам судзьдзя Бог у сьвятой сялібе Сваёй!
 - Бог самотных уводзіць у дом, вызваляе вязьняў з кайданаў; а непакорлівыя застаюцца ў скварнай пустыні.
 - Божа! калі Ты выходзіў перад народам Тваім, калі Ты ішоў па пустыні,
 - зямля скаланалася, нават нябёсы плавіліся, ад аблічча Божага, і гэты Сінай — ад аблічча Бога, Бога Ізраілевага.
 - Шчодры дождж праліваў Ты, Божа, на Тваю спадчыну, і калі яна зьнемагала ад працы, Ты падмацоўваў яе.
 - Народ Твой там жыў; з даброці Тваёй, Божа, ты ўдзяляў беднаму.
 - Гасподзь дасьць слова: зьвястунак вялікае мноства.
 - «Цары войска ўцякаюць, уцякаюць, а тая, што дома сядзіць, дзеліць здабычу.
 - Калі спачываеце вы ў сваіх вотчынах, вы — як галубіца, у якое крылы срэбрам пакрытыя, а пёры чыстым золатам:
 - калі Ўсемагутны расьсеяў цароў на гэтай зямлі, яна забялела, быццам сьнег на Сэлмоне.
 - Гара Божая! — гара Васанская! гара высокая — гара Васанская!
 - Што ж вы зайздросьліва глядзіце, горы высокія, на гару, на якой Бог з добрай волі жыве, і Гасподзь жыцьме вечна!
 - Калясьніц Божых процьма, тысячы тысяч сярод іх; сярод іх Гасподзь на Сінаі, у сьвятыні.
 - Ты ўзышоў на вышыню, запалоніў палон, прыняў дары дзеля людзей, каб і адступнікі жыць маглі ў Госпада Бога.
 - Дабраславёны Бог кожны дзень, Бог ускладае на нас цяжар, але Ён і ратуе нас.
 - Бог нам — Бог на ратаваньне; ва ўладзе Госпада Ўладыкі брама сьмерці.
 - Але Бог патрушчыць голаў ворагам Сваім, валасатае цемя таго, хто ў грахах сваіх закасьцянеў.
 - Гасподзь сказаў: ад Васана вярну, выведу з прадоньня марскога,
 - каб ты апусьціў нагу тваю, як сабакі твае язык свой, у кроў ворагаў.
 - Бачылі шэсьце Тваё, Божа, шэсьце Бога майго, Цара майго ў сьвятыні:
 - наперадзе йшлі сьпевакі, ззаду ішлі музыкі, пасярэдзіне дзевы з тымпанамі:
 - »Дабраслаўляйце Бога Госпада на сходах, вы — ад семені Ізраілевага!"
 - Там Веньямін малодшы — іхні князь; князі Юдавы — уладыкі іхнія; князі Завулонавы, князі Нэфталімавы.
 - Бог твой наказаў табе сілу. Умацуй, Божа, тое, што Ты зрабіў нам!
 - Дзеля храма Твайго ў Ерусаліме цары прынясуць Табе дары.
 - Утаймуй зьвера ў трысьнягу, — статак валоў сярод цялят народаў, якія хваляцца зьліткамі срэбра; рассып народы, што бітваў прагнуць.
 - Прыйдуць вяльможы з Егіпта; Эфіопія рукі свае працягне да Бога.
 - Царствы зямныя! сьпявайце Богу, услаўляйце Госпада,
 - Які крочыць на нябёсах нябёсаў спрадвеку. Вось, Ён дае голасу Свайму голас моцы.
 - Узьнясеце славу Богу! веліч Ягоная — на Ізраіле, і магутнасьць Ягоная — на аблоках.
 - Грозны Ты, Божа, у Сьвятыні Тваёй. Бог Ізраілеў — Ён дае сілу і моц народу Свайму. Дабраславёны Бог!
  
 
 
 | 
 Выбор перевода и языка
  
 |