Псалтыр, псальма 49
 
- Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма.
 - Слухайце гэта, усе народы; уважайце гэтаму ўсе, хто жыве на сьвеце,
 - і простыя, і знакамітыя, багаты, гэтак сама і бедны;
 - вусны мае вымавяць мудрасьць, а развагі сэрца майго — веданьне.
 - Нахілю вуха маё да прыпавесьці; адкрыю загадку маю на арфе:
 - «чаго мне баяцца ў дні бедства, калі абчэпіць мяне злосьць шляхоў маіх беззаконных»,
 - якія надзею кладуць на багацьце і сваімі дастаткамі хваляцца?
 - Чалавек ня выкупіць брата свайго ніяк і за яго ня дасьць выкупу Богу;
 - бо выкуп за душы іхнія дарагі, і ня будзе таго вавек,
 - каб застаўся хто жыць назаўсёды і ня ўбачыў магілы.
 - Кожны бачыць, што і мудрыя паміраюць, як і невукі і бязглуздыя гінуць, пакідаюць маёмасьць сваю іншым.
 - У думках у іх, што хаты іхнія вечныя, і што харомы іхнія з роду да роду, і землі свае яны называюць сваімі імёнамі.
 - Ды не застанецца ў пашане чалавек, падобна жывёле, якая гіне.
 - Такая дарога іхняя ёсьць іхняя неразумнасьць, хоць за імі ідуць тыя, што думку іхнюю ўхваляюць.
 - Як авечак, у апраметную іх зьвядуць: сьмерць будзе іх пасьвіць, а раніцай праведнікі запануюць над імі; сіла іхняя вычарпаецца; магіла — жытлішча іхняе.
 - Але вызваліць Бог душу маю ад улады сьмяротнага краю, калі прыме мяне.
 - Ня бойся, калі чалавек багацее, калі слава дома ягонага множыцца:
 - бо, памерлы, нічога з сабою ня возьме; ня пойдзе за ім слава ягоная,
 - хоць пры жыцьці ён душы сваёй патураў, і ўслаўляюць цябе, калі ты сабе робіш дабро,
 - але ён пойдзе да роду бацькоў сваіх, якія ніколі ня ўбачаць сьвятла.
 - Чалавек у пашане, але неразумны, падобны да жывёлы, якая гіне.
  
 
 
 | 
 Выбор перевода и языка
  
 |