Псалтыр, псальма 139
 
- Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Госпадзе! Ты выпрабаваў мяне і ведаеш.
 - Ты ведаеш, калі я сядаю і калі ўстаю; Ты разумееш думкі мае здалёк.
 - Ці іду я, ці адпачываю, — Ты акружаеш мяне і ўсе дарогі мае Табе вядомыя.
 - Яшчэ слова няма на мове маёй, — Ты, Госпадзе, ужо ведаеш яго дасканала.
 - Ззаду і сьпераду атачыў Ты мяне і кладзеш на мяне руку Тваю.
 - Дзіўнае мне Тваё веданьне — высока, дасягнуць яго не магу!
 - Куды пайду ад Духа Твайго, ад аблічча Твайго куды ўцяку?
 - Ці на неба ўзыду — Ты там; ці сыду ў апраметную — і там Ты.
 - Ці вазьму крылы золку і перасялюся на край мора, —
 - і там рука Твая мяне павядзе, і ўтрымае мяне правіца Твая.
 - Ці скажу: можа, цемра ўкрые мяне, і сьвятло навокал мяне зробіцца ноччу;
 - але і цемра Цябе ад мяне не зацемрыць, і ноч сьветлая, быццам дзень; як цемра, так і сьвятло.
 - Бо Ты ўладзіў вантробы мае і выткаў мяне ў чэраве маці маёй.
 - Слаўлю Цябе, бо я дзівосна зладжаны. Дзівосныя дзеі Твае, і душа мая ўсьведамляе гэта,
 - Не схаваны былі ад Цябе косткі мае, калі мяне ў таямніцы стваралі, складалі мяне ў глыбіні нутрыны.
 - Зародак мой бачылі вочы Твае; у Тваёй кнізе запісаны ўсе дні, мне назначаныя, калі ніводнага зь іх яшчэ ня было.
 - Якія ўзьнёслыя для мяне намеры Твае, Божа, і як многа іх лікам!
 - Ці ж палічу іх, калі іх больш, чым пяску, калі прачынаюся, я ўсё Яшчэ з Табою.
 - О, калі б Ты, Божа, пабіў бязбожнага! Адыдзеце ад мяне, крыважэрныя!
 - Яны гавораць супроць Цябе бязбожна; марнае намышляюць ворагі Твае.
 - Ці ж мне ненавідзець Тваіх ненавісьнікаў, Госпадзе, і не пагрэбаваць тымі, што паўстаюць на Цябе?
 - Поўнаю нянавісьцю ненавіджу іх; ворагі яны мне.
 - Выпрабуй мяне, Божа, і ўведай сэрца маё; выпрабуй мяне, і ўведай намеры мае.
 - і глядзі, ці дарога мая бясьпечная, і накіруй мяне на шлях вечны.
  
 
 
 | 
 Выбор перевода и языка
  
 |