Ёв, разьдзел 24
 
- Чаму не схаваныя ад Усемагутнага часіны, і тыя, што ведаюць Яго, ня бачаць дзён Ягоных?
 - Межы перасоўваюць, гоняць статкі і пасьвяць у сябе;
 - у сіротаў зводзяць асла, ва ўдавы бяруць пад заклад вала;
 - бедных спіхваюць з дарогі, усе прыніжаныя зямлі вымушаны хавацца.
 - Вось яны, як дзікія аслы ў пустыні, выходзяць на дзею сваю, устаючы рана на здабычу; стэп дае хлеб ім і дзецям іхнім;
 - жнуць яны на полі не сваім і зьбіраюць вінагарад у бязбожніка;
 - голыя начуюць без покрыва і бяз вопраткі на сьцюжы;
 - мокнуць ад горных дажджоў і, ня маючы сховішча, ціснуцца да скалы;
 - адрываюць ад саскоў сірату і з убогага бяруць заклад;
 - прымушаюць хадзіць голымі, без адзеньня, і галодных кормяць каласамі;
 - паміж сьценамі чавяць алей аліўкавы, топчуць у чавілах і прагнуць.
 - У горадзе людзі стогнуць, і душа забіваных енчыць, і Бог не забараняе гэтага.
 - Ёсьць сярод іх ворагі сьвятла, ня ведаюць ягоных шляхоў і ня ходзяць па сьцежках ягоных.
 - На золку ўстае забойца, забівае беднага і ўбогага, а ўначы бывае злодзеем.
 - І вока пералюбніка чакае сутоньня, кажучы: нічыё вока ня ўбачыць мяне, — і захінае твар.
 - У цемры падкопваюцца пад дамы, якія ўдзень яны прыкмецілі сабе; ня ведаюць сьвятла.
 - Бо ім раніца — сьмяротны цень, бо яны знаёмыя з жахамі сьмяротнага ценю.
 - Лёгкі такі на паверхні вады, праклятая доля ягоная на зямлі, і не глядзіць ён на дарогу садоў вінаградных.
 - Засуш і сьпёка паглынаюць сьнегавую ваду: так апраметная — грэшнікаў.
 - Няхай забудзе яго нутроба матчыная; няхай ласуецца ім чарвяк; няхай не захаваецца пра яго памяць; як дрэва, няхай зломіцца беззаконьнік,
 - які прыгнятае бязьдзетную, якая не раджала, і ўдаве ня робіць дабра.
 - Ён і дужых зводзіць сілаю сваёю; ён устае, і ніхто ня пэўны за жыцьцё сваё.
 - А Ён дае яму ўсё для бясьпекі, і ён на тое абапіраецца, і вочы Ягоныя бачаць шляхі іхнія.
 - Падняліся высока, — і вось, няма іх; падаюць, і паміраюць, як і ўсе, і, як вярхі каласкоў, зразаюцца.
 - Калі гэта ня так, — хто выкрые мяне за ману і ў нівеч аберне словы мае?
  
 
 
 | 
 Выбор перевода и языка
  
 |