Ёв, разьдзел 16
 
- І адказваў Ёў і сказаў:
 - Чуў я шмат такога; нікчэмныя суцешнікі ўсе вы!
 - Ці будзе канец ветраным словам? і што схіліла цябе так адказваць?
 - І я мог бы гэтак сама сказаць, як вы, калі б душа вашая была на месцы маёй; узбурваўся б на вас словамі і ківаў бы на вас галавою маёю;
 - мацаваў бы вас языком маім і рухам губоў суцяшаў бы.
 - Ці кажу я, не спатольваецца скруха мая; ці перастаю, што адыходзіць ад мяне?
 - Але сёньня Ён стаміў мяне. Ты разбурыў усю сямэю маю,
 - Ты пакрыў мяне маршчынамі ў сьведчаньне супроць мяне; паўстае на мяне зморанасьць мая, у твар дакарае мяне.
 - Гнеў Ягоны турзае і варагуе супроць мяне, скрыгоча на мяне зубамі сваімі; непрыяцель мой вострыць на мяне вочы свае.
 - Разьзявілі на мяне пашчу сваю; лаючыся б'юць мяне па шчоках; усе змовіліся супроць мяне.
 - Аддаў мяне Бог беззаконьніку і ў рукі бязбожных кінуў мяне.
 - Я быў спакойны, але Ён патрэс мяне; узяў мяне за шыю і пабіў мяне і паставіў мяне конам Сабе.
 - Абступілі мяне стралкі Ягоныя; Ён расьсякае вантробы мае і ня літуе, выліў на зямлю жоўць маю,
 - прабівае ўва мне праломіну за праломінай, бяжыць на мяне, як воін.
 - Вярэту пашыў я на скуру маю і ў пыл паклаў галаву маю.
 - Твар мой пачырванеў ад плачу, і на павеках маіх цень сьмерці,
 - пры ўсім тым, што няма рабунку на руках маіх, і малітва мая чыстая.
 - Зямля! не закрый маёй крыві, і хай ня будзе месца енку майму.
 - І сёньня вось на нябёсах Сьведка мой, і Заступнік мой у вышынях!
 - Красамоўныя сябры мае! Да Бога сьлёзіцца вока маё.
 - О, калі б чалавек мог спаборнічаць з Богам, як сын чалавечы з блізкім сваім!
 - Бо гадам маім прыходзіць канец, і я адыходжу ў дарогу незваротную.
  
 
 
 | 
 Выбор перевода и языка
  
 |