Кніга Судзьдзяў, разьдзел 20
- І выйшлі ўсе сыны Ізраілевыя, і сабралася ўсё супольства, як адзін чалавек, ад Дана да Вірсавіі, і зямля Галаадская перад Госпада ў Масіфу.
- І сабраліся правадыры ўсяго народа, усе плямёны Ізраілевыя, на сход народа Божага, чатырыста тысяч пешых, якія агалялі меч.
- І сыны Веньямінавыя пачулі, што сыны Ізраілевыя прыйшлі ў Масіфу. І сказалі сыны Ізраілевыя: скажэце, як адбывалася гэтае ліха?
- Лявіт, муж той забітай жанчыны, адказваў і сказаў: я з наложніцаю маёю прыйшоў начаваць у Гіву Веньямінавую;
- і паўсталі на мяне жыхары Гівы і атачылі празь мяне дом уначы; мяне мерыліся забіць і наложніцу маю замардавалі, так што яна памерла;
- я ўзяў наложніцу маю, расьсек яе і паслаў яе ва ўсе вобласьці валоданьняў Ізраілевых, бо яны ўчынілі беззаконьне і паскудную дзею ў Ізраілі;
- вось, усе вы, сыны Ізраілевыя, разгледзьце гэтую дзею і вырашыце тут.
- І паўстаў увесь народ, як адзін чалавек, і сказаў: ня пойдзем ніхто ў намёт свой і ня вернемся ніхто ў дом свой;
- і вось, што мы зробім сёньня з Гіваю: пойдзем на яе па жэрабі;
- і возьмем па дзесяць чалавек са ста ад усіх плямёнаў Ізраілевых, па сто ад тысячы і па тысячы ад цьмы, каб яны прынесьлі ежы народу, які пойдзе супроць Гівы Веньямінавай, пакараць яе за паскудную дзею, якую яна ўчыніла ў Ізраілі.
- І сабраліся ўсе Ізраільцяне супроць горада аднадушна, як адзін чалавек.
- І паслалі плямёны Ізраілевыя ва ўсё племя Веньямінавае сказаць: якая гэта гнюсотная дзея ўчынена ў вас!
- выдайце тых распусных людзей, якія ў Гіве; мы аддамо іх сьмерці і выкарчуем зло зь Ізраіля. Але сыны Веньямінавыя не хацелі слухаць голасу братоў сваіх, сыноў Ізраілевых;
- а сабраліся сыны Веньямінавыя з гарадоў у Гіву, каб пайсьці вайною супроць сыноў Ізраілевых.
- І налічылася таго дня сыноў Веньямінавых з гарадоў дваццаць шэсьць тысяч чалавек, якія агалілі меч: апрача таго з жыхароў Гівы налічана сямсот адборных;
- з усяго народу гэтага было сямсот чалавек адборных, якія былі ляўчукі, і ўсе гэтыя, кідаючы з прашчы камень у волас, ня кідалі міма.
- А Ізраільцянаў, апрача сыноў Веньямінавых, налічвалася чатырыста тысяч чалавек, што агалялі меч; усе яны былі здольныя да вайны.
- І ўсталі і пайшлі ў дом Божы, і пыталіся ў Бога і сказалі сыны Ізраілевыя: хто з нас раней пойдзе на вайну з сынамі Веньяміна? І сказаў Гасподзь: Юда наперадзе.
- І ўсталі сыны Ізраілевыя раніцай і атабарыліся каля Гівы;
- і выступілі Ізраільцяне на вайну супроць Веньяміна, і сталі сыны Ізраілевыя ў баявы парадак каля Гівы.
- І выйшлі сыны Веньямінавыя зь Гівы і паклалі ў той дзень дваццаць дзьве тысячы Ізраільцянаў на зямлю.
- Але народ Ізраільскі падбадзёрыўся, і зноў сталі ў баявы парадак на тым месцы, дзе стаялі першы дзень.
- І пайшлі сыны Ізраілевыя, і плакалі перад Госпадам да вечара, і пыталіся ў Госпада: ці ўступаць мне яшчэ ў бітву з сынамі Веньяміна, брата майго? Гасподзь сказаў: ідзеце супроць яго.
- І падступілі сыны Ізраілевыя да сыноў Веньяміна ў другі дзень.
- Веньямін выступіў супроць іх з Гівы на другі дзень, і яшчэ паклалі на зямлю з сыноў Ізраілевых васемнаццаць тысяч чалавек, што агаляюць меч.
- Тады ўсе сыны Ізраілевыя і ўвесь народ пайшлі і прышлі ў дом Божы і, седзячы там, плакалі перад Госпадам, і пасьціліся ў той дзень да вечара, і прынесьлі цэласпаленьні і мірныя ахвяры прад Госпадам.
- І пыталіся сыны Ізраілевыя ў Госпада,
- ці выходзіць мне яшчэ на бітву з сынамі Веньяміна, брата майго, ці не? Гасподзь сказаў: ідзеце: Я заўтра аддам яго ў рукі вашыя.
- І паставіў Ізраіль засаду вакол Гівы.
- І пайшлі сыны Ізраілевыя на сыноў Веньяміна на трэці дзень і сталі ў баявы парадак перад Гіваю, як раней.
- Сыны Веньямінавыя выступілі супроць народу і аддаліліся ад горада, і пачалі, як раней, забіваць з народу на дарогах, зь якіх адна ідзе да Вэтыля, а другая да Гівы полем, і забілі да трыццаці чалавек зь Ізраільцянаў.
- І сказалі сыны Веньямінавыя: яны падаюць перад намі, як і раней. А сыны Ізраілевыя сказалі: пабяжым ад іх і адцягнем іх ад горада на дарогі.
- І ўсе Ізраільцяне ўсталі з свайго месца і выстраіліся ў Ваал-Тамары. І засада Ізраілевая кінулася са свайго месца, з заходняга боку Гівы.
- І прыйшлі да Гівы дзесяць тысяч чалавек адборных з усяго Ізраіля, і пачалася жорсткая бітва; але сыны Веньяміна ня ведалі, што іх чакае бяда.
- І пабіў Гасподзь Веньяміна перад Ізраільцянамі, і паклалі ў той дзень Ізраільцяне з сыноў Веньяміна дваццаць пяць тысяч сто чалавек, што агалілі меч.
- Калі сыны Веньяміна ўбачылі, што яны пабітыя, тады Ізраільцяне саступілі месца сынам Веньяміна, бо спадзяваліся на засаду, якую яны пакінулі паблізу Гівы.
- А засада пасьпяшалася і памкнулася да Гівы, і ўступіла і пабіла ўвесь горад мечам.
- Ізраільцяне паставілі з засадаю ўмоўленым знакам да нападу дым слупам з горада.
- І вось, калі Ізраільцяне адступілі зь месца бітвы, і Веньямін пачаў пабіваць і пабіў Ізраільцянаў да трыццаці чалавек і казаў: «зноў падаюць яны перад намі, як і ў ранейшых бітвах»,
- тады пачаў падымацца з горада дым слупам. Веньямін азірнуўся назад, і вось, дым ад усяго града падымаецца ў неба.
- Ізраільцяне вярнуліся, а Веньямін спалохаўся, бо ўбачыў, што спасьцігла яго бяда.
- І пабеглі яны ад Ізраільцянаў па дарозе да пустыні; але сеча перасьледавала іх, і тыя, што выходзілі з гарадоў, пабівалі іх там;
- атачылі Веньяміна і перасьледавалі яго да Мэнухі і пабівалі да самага ўсходняга боку Гівы.
- І загінула з сыноў Веньяміна васямнаццаць тысяч чалавек, людзей дужых.
- Астатнія павярнуліся і пабеглі да пустыні, да скалы Рымона, і пабілі яшчэ на дарогах пяць тысяч чалавек; і гналіся за імі да Гідома і яшчэ забілі зь іх дзьве тысячы чалавек.
- А ўсіх сыноў Веньямінавых, якія загінулі ў той дзень, было дваццаць пяць тысяч чалавек, што агалілі меч, і ўсе яны былі мужчыны дужыя.
- І ўцяклі астатнія ў пустыню, да скалы Рымона, шэсьцьсот чалавек, і заставаліся там у каменнай гары Рымоне чатыры месяцы.
- А Ізраільцяне зноў пайшлі да сыноў Веньямінавых і пабілі іх там, і людзей у горадзе, і быдла, і ўсё, што ні сустракалася, і ўсе, што былі на дарозе, гарады спалілі агнём.
|
Выбор перевода и языка
|