1. Сыны Ізраілевыя зноў пачалі ўчыняць ліхое перад вачыма Госпада, і аддаў іх Гасподзь у рукі Мадыяніцянам на сем гадоў.
  2. Цяжкая была рука ў Мадыяніцянаў над Ізраілем, і сыны Ізраілевыя зрабілі сабе ад Мадыяніцянаў цясьніны ў гарах і пячоры і ўмацаваньні.
  3. Калі пасее Ізраіль, прыйдуць Мадыяніцяне і Амалікіцяне, і жыхары ўсходу і ходзяць у іх;
  4. і стаяць у іх намётамі, і зьнішчаюць створанае зямлёю да самай Газы, і не пакідаюць на пракорм Ізраілю ні авеякі, ні вала, ні асла.
  5. Бо яны прыходзілі з быдлам сваім і з намётамі сваімі, прыходзілі ў такім мностве, як саранча; ім і вярблюдам іхнім ня было ліку, і хадзілі па зямлі Ізраілевай, спусташаючы яе.
  6. І вельмі згалеў Ізраіль ад Мадыяніцянаў, і заенчылі сыны Ізраіля да Госпада.
  7. І калі заенчылі сыны Ізраілевыя да Госпада на Мадыяніцянаў,
  8. паслаў Гасподзь прарока да сыноў Ізраілевых, і сказаў ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я вывеў вас зь Егіпта, вывеў вас з дома рабства;
  9. выбавіў вас з рукі Егіпцянаў і з рукі ўсіх прыгнятальнікаў вашых, прагнаў іх ад вас, і даў вам зямлю іхнюю,
  10. і сказаў вам: «Я — Гасподзь Бог ваш; не шануйце божышчаў Амарэйскіх, у зямлі якіх вы жывяце»; але вы не паслухаліся голасу Майго.
  11. І прыйшоў анёл Гасподні і сеў у Офры пад дубам, які належаў Ёасу, наступцу Авіезэраваму: сын яго Гедэон малаціў тады пшаніцу ў чавільні, каб схавацца ад Мадыяніцянаў.
  12. І зьявіўся яму анёл Гасподні і сказаў яму: Гасподзь з табою, муж дужы!
  13. Гедэон сказаў яму: гаспадару мой! калі Гасподзь з намі, дык чаму спасьцігла нас усё гэта? і дзе ўсе цуды Ягоныя, пра якія расказвалі нам бацькі нашыя, кажучы: «зь Егіпта вывеў нас Гасподзь»? цяпер пакінуў нас Гасподзь і аддаў нас у рукі Мадыяніцянам.
  14. Гасподзь, паглядзеўшы на яго, сказаў: ідзі з гэтаю сілаю тваёю і выратуй Ізраіля ад рукі Мадыяніцянаў; Я пасылаю цябе.
  15. Гедэон сказаў Яму: Госпадзе! як уратую я Ізраіля! вось, і род мой у племі Манасііным самы бедны, і я ў доме ў бацькі майго наймаладзейшы.
  16. І сказаў яму Гасподзь: Я буду з табою, і ты паб'еш Мадыяніцянаў, як аднаго чалавека.
  17. Гедэон сказаў Яму: калі я здабыў ласку перад вачамі Тваімі, дык зрабі мне азнаку, што Ты гаворыш са мною:
  18. ня йдзі адгэтуль, пакуль я ня прыйду да цябе і не прынясу дарунку майго і не прапаную Табе. Ён сказаў: Я застануся, пакуль ты ня вернешся.
  19. Гедэон пайшоў і прыгатаваў казьляня і праснакоў з эфы мукі; мяса паклаў у кош, а ўзвар уліў у горшчык і прынёс да Яго пад дуб і прапанаваў.
  20. І сказаў яму анёл Божы: вазьмі мяса і праснакі, і пакладзі на гэты камень, і вылі ўзвар. Ён так і зрабіў.
  21. Анёл Гасподні, працягнуўшы канец жазла, якое было ў руцэ ў яго, дакрануўся да мяса і праснакоў; і выйшаў агонь з каменя і паеў мяса і праснакі; і анёл Гасподні зьнік з вачэй ягоных.
  22. І ўбачыў Гедэон, што гэта анёл Гасподні, і сказаў Гедэон: гора мне, Уладыка Госпадзе! бо я бачыў анёла Гасподняга твар у твар.
  23. Гасподзь сказаў яму: мір табе, ня бойся, не памрэш.
  24. І зладзіў там Гедэон ахвярнік Госпаду і назваў яго: Ягова Шалом. Ён яшчэ і сёньня ў Офры Авіезэравай.
  25. У тую ноч сказаў яму Гасподзь: вазьмі цяля са статку бацькі твайго і другое цяля сямігадовае, і развалі ахвярнік Ваала, які ў бацькі твайго, і сьсячы сьвяшчэннае дрэва, якое каля яго,
  26. і пастаў ахвярнік Госпаду Богу твайму, на вяршыні скалы гэтай, у парадку, і вазьмі другое цяля і прынясі на цэласпаленьне на дровах з дрэва, якое сьсячэш.
  27. Гедэон узяў дзесяць чалавек з рабоў сваіх і зрабіў, як казаў яму Гасподзь; але як што зрабіць гэта ўдзень ён баяўся хатніх бацькі свайго і жыхароў горада, дык зрабіў уначы.
  28. Раніцай усталі жыхары горада, і вось, ахвярнік Ваалаў разбураны, і дрэва каля яго сьсечанае, і другое цяля прынесена на цэласпаленьне на ягоным ахвярніку.
  29. І гаварылі адзін аднаму: хто гэта зрабіў? Шукалі, распытвалі і сказалі: Гедэон, сын Ёасаў, зрабіў гэта.
  30. І сказалі жыхары горада Ёасу: выведзі сына твайго: ён мусіць памерці за тое, што разбурыў ахвярнік Ваала і сьсек дрэва, якое было каля яго.
  31. Ёас сказаў усім, што падступіліся да яго: ці вам заступацца за Ваала, ці вам абараняць яго? хто заступіцца за яго, той будзе аддадзены сьмерці гэтай самай раніцы; калі ён Бог, дык няхай сам заступіцца за сябе, бо ён разбурыў ахвярнік.
  32. І пачаў зваць яго з таго дня Ераваалам, бо сказаў: хай Ваал сам судзіцца зь ім за тое, што ён разбурыў ахвярнік ягоны.
  33. Тым часам усе Мадыяніцяне і Амалікіцяне і жыхары ўсходу сабраліся разам у даліне Ізрээльскай.
  34. І дух Гасподні агарнуў Гедэона; ён затрубіў у трубу, і пакліканы быў род Авіязэраў ісьці за ім.
  35. І паслаў паслоў па ўсім племі Манасііным, і яно азвалася ісьці за ім; паслаў таксама паслоў да Асіра, Завулона і Нэфталіма, і гэтыя пайшлі насустрач ім.
  36. І сказаў Гедэон Богу: калі Ты выратуеш Ізраіля рукою маёю, як казаў Ты,
  37. дык вось, я пасьцялю ў гумне стрыжаную воўну: калі раса будзе толькі на воўне, а на ўсёй зямлі суха, дык буду ведаць, што выратуеш рукою маёю Ізраіля, як казаў Ты.
  38. Так і сталася: на другі дзень, устаўшы рана, ён пачаў выціскаць воўну і выціснуў з воўны расы цэлую чару вады.
  39. І сказаў Гедэор Богу: ня гневайся на мяне, калі яшчэ раз скажу і яшчэ толькі адзін раз учыню выпрабаваньне над воўнаю: хай будзе суха на адной толькі воўне, а на ўсёй зямлі хай будзе раса.
  40. Бог так і зрабіў у тую ноч: толькі на воўне было суха, а на ўсёй зямлі была раса.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/07/06/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.